Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік зьвярнуўся ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з прапановай разгледзець пытаньне пра страхаваньне жыцьця і здароўя зьняволеных (асуджаных). Дэпутаты пераслалі прапанову праваабаронцы ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і Міністэрства фінансаў, адкуль прыйшлі адказы, зь якіх вынікае, што дзяржаўныя органы не зацікаўленыя ва ўвядзеньні абавязковага страхаваньня жыцьця і здароўя тых, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі.
У Палату прадстаўнікоў Леанід Сьвецік зьвярнуўся яшчэ ў кастрычніку. У сваім звароце ён пісаў: «Згодна з артыкуламі 24 і 45 дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава абараняе жыцьцё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў і гарантуе яму права на ахову здароўя. Гэтае права распаўсюджваецца на зьняволеных і асуджаных судом асобаў».
На думку праваабаронцы, адным са спосабаў абароны жыцьця і здароўя зьняволеных/асуджаных, які б спрыяў рэалізацыі згаданага права, зьяўляецца заканадаўча замацаванае абавязковае страхаваньне іх жыцьця і здароўя. Таму ён прасіў дэпутатаў ПП НС РБ вывучыць досьвед і прапановы страхавых кампаніяў, а таксама праваабарончых арганізацыяў па страхаваньні зьняволеных. Пасьля дэталёвага вывучэньня гэтага пытаньня праваабаронца прапанаваў дэпутатам распрацаваць і заканадаўча замацаваць права зьняволеных на страхаваньне ад няшчасных выпадкаў, а таксама на страхаваньне ад супрацьпраўных дзеяньняў трэціх асобаў, у тым ліку работнікаў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Рэспублікі Беларусь (ДВП РБ).
Прапанова Леаніда Сьвеціка была разгледжаная Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па працы і сацыяльных пытаньнях. Дэпутаты адмовіліся рэагаваць на зварот з фармальных меркаваньняў, бо ПП НС «...разглядае праекты законаў, унесеныя суб'ектамі права заканадаўчай ініцыятывы ў вызначаным парадку».
Дзеля разгляду па сутнасьці старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па працы і сацыяльных пытаньнях Уладзімер Васіленка накіраваў зварот праваабаронцы ў Міністэрства фінансаў і ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС.
Першы намесьнік начальніка ДВП Сяргей Працэнка паведаміў, што замацоўваць заканадаўча абавязковае страхаваньне жыцьця і здароўя зьняволеных (асуджаных) няма неабходнасьці, бо ў дзейным заканадаўстве гэтае пытаньне вырашанае ў поўным аб'ёме.
Першы намесьнік міністра фінансаў Уладзімер Амарын, спасылаючыся на частку 2 артыкулу 825 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь, паведаміў, што абавязаць любога грамадзяніна краіны страхаваць сваё жыцьцё і здароўе заканадаўча немагчыма. Гэтае палажэньне тычыцца таксама вязьняў і асуджаных асобаў, але права на добраахвотнае страхаваньне ў іх маецца. У адказе, апрача ўсяго іншага, паведамлялася, што страхавыя арганізацыі маюць магчымасьць аказваць страхавыя паслугі ў месцах утрыманьня зьняволеных, і страхавальнікі самастойна вызначаюць ўмовы і віды паслуг.
У мэтах выяўленьня зацікаўленасьці страхавых арганізацыяў у распрацоўцы і ўвядзеньні новага страхавога прадукту – добраахвотнага страхаваньня жыцьця і здароўя зьняволеных (асуджаных) Міністэрства фінансаў зьвярнулася ў Беларускую асацыяцыю страхоўшчыкаў, членамі якой зьяўляюцца практычна ўсе страхавыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская асацыяцыя страхоўшчыкаў праінфармавала міністэрства пра наступнае:
«Досьвед правядзеньня страхаваньня асуджаных у добраахвотнай форме існуе ў Расейскай Фэдэрацыі. Гэты від страхаваньня прызначаны для страхаваньня фізычных асобаў, якія адбываюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сыстэмы, і праводзіцца на добраахвотнай аснове на жаданьне асуджаных або іхных сваякоў.
Пасьля неаднаразовых спробаў шэрагу страхавых арганізацыяў укараніць гэты від страхаваньня ў Расейскай Фэдэрацыі, на сёньняшні дзень працягваюць страхаваць асуджаных ТАА СК «Держава», РК Гарант «Согласие», «БАЛТ-страхование» і «Ренессанс». Шэраг арганізацыяў, напрыклад, Вайсковая страхавая кампанія, прыпынілі гэты від страхаваньня з-за значных страхавых выплат.
Страхавым выпадкам у большасьці страхоўшчыкаў зьяўляецца няшчасны выпадак, які адбыўся ў выніку супрацьпраўных дзеяньняў работнікаў устаноў і органаў, якія выконваюць крымінальныя пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі.
У той самы час страхавыя арганізацыі Расейскай Фэдэрацыі адзначаюць шэраг цяжкасьцяў у ажыцьцяўленьні страхаваньня жыцьця і здароўя асуджаных, а менавіта: немагчымасьць аб'ектыўнай ацэнкі рызыкаў пры заключэньні дамоваў страхаваньня, факты махлярства і членашкодніцтва, абцяжаранасьць кантролю і аб'ектыўнай ацэнкі страхавых выпадкаў, закрытасьць пэнітэнцыярнай сыстэмы і непразрыстасьць крымінальна -выканаўчай сыстэмы.
Пры гэтым асноўнай праблемай у ажыцьцяўленьні такога страхаваньня зьяўляецца цяжкасьць запратакаляваць страхавы выпадак і атрымаць неабходныя дакумэнты, на падставе якіх можа быць зьдзейсьненая страхавая выплата. Установы крымінальна-выканаўчай сыстэмы зьяўляюцца закрытымі і не дапускаюць страхоўшчыкаў ў папраўчыя ўстановы для дэталёвага высьвятленьня акалічнасьцяў здарэньня, што адбылося.
Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі страхоўшчыкаў, з улікам досьведу ажыцьцяўленьня добраахвотнага страхаваньня асуджаных у Расейскай Фэдэрацыі страхавыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь ня выказалі зацікаўленасьці ў ажыцьцяўленьні гэтага віду страхаваньня».
Выходзіць, што ўсім зацікаўленым дзяржаўным органам і страхавым фірмам палітычна або эканамічна ня выгадна абавязковае страхаваньне жыцьця і здароўя зьняволеных (асуджаных).
Зь іншага боку, сумная статыстыка зь месцаў зьняволеньня сьведчыць пра некалькі дзясяткаў памерлых ці загінулых зьняволеных штогод і каля 90 тысяч пакутуюць на розныя цяжкія захворваньні. Дык што праблемы ёсьць, і іх неабходна вырашаць у тэрміновым парадку.
«Наяўнасьць у зьняволеных/асуджаных асобаў страхавога полісу спрыяла б паляпшэньню ўмоваў працы і побыту ў папраўчых установах, працоўнай дысцыпліны, захаваньню законнасьці з боку супрацоўнікаў органаў і ўстаноў крымінальна-выканаўчай сыстэмы, садзейнічала б гуманізацыі сыстэмы выкананьня пакараньняў у Рэспубліцы Беларусь», – лічыць праваабаронца Леанід Сьвецік.