Без вайны за дзесяць гадоў у аўтаздарэньнях колькасна зьніклі два такія мястэчкі, як Шуміліна. Але бальшыні насельніцтва і справы да гэтага няма. Яны пра гэта ня думалі, ня ведаюць і ведаць ня хочуць.
Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведамляюць: за апошнія дзесяць гадоў у дарожна-транспартных здарэньнях загінулі больш за 18 тысяч чалавек, а звыш 70 тысяч атрымалі траўмы. Як гэта ні трагічна, у нашай краіне гіне ўдвая больш людзей, чымся ў Эўразьвязе, дзе сярэдняя колькасьць згіблых складае 55 ахвяраў на 1 мільён насельніцтва супроць 109 страчаных тут. Прычым у Беларусі наезд на пешахода зьяўляецца найбольш распаўсюджаным відам аўтаздарэньняў (42%), траціна зь якіх прыпадае на восень.
Пагадзіцца з гэткім высокім роўнем сьмяротнасьці на беларускіх дарогах нельга. Але што рабіць? Па-першае, праблема павінна гучаць – ня час ад часу, не ад кампаніі да кампаніі, а штодзённа. І найперш праз тэледэбаты, тэлеразвагі, тэлеапытаньні. Па-другое, інфармацыя пра ДТЗ павінна быць даступнай і дакладнай. Інакш кажучы, такой, якой яна павінна быць у XXI стагодзьдзі, а не такой куртатай, якой паўстае з афіцыйных сайтаў цяпер. Дый турбаваць яна мусіць ня толькі Дзяржаўтаінспэкцыю па родзе іхнай дзейнасьці, але найперш грамадзкасьць.
Так, нешта, безумоўна, робіцца. Робіцца гэтак, як рабілася за саветамі: пад прымусам зьверху, з прафесійнага абавязку, а не праз дыялог з грамадзянскай супольнасьцю, не з ініцыятывы зьнізу.
Летась ДАІ Віцебскай вобласьці, як паведамлялася ў сродках масавай інфармацыі, дзеля выпраўленьня нэгатыўнага становішча «распачала “паляваньне” на пешаходаў», што парушалі правілы пераходу вуліц. У гэтай спэцапэрацыі былі задзейнічаныя нават супрацоўнікі ў цывільным, якія адсочвалі парушальнікаў і перадавалі іх супрацоўнікам аўтаінспэкцыі. Толькі за адзін дзень на Маскоўскім праспэкце ў Віцебску з 6:00 да 9:00 гадзін раніцы было складзена 38 пратаколаў пра адміністрацыйныя правапарушэньні. Лічбы ўражваюць! Але ці паўплывалі яны на грамадзкасьць, на заканадаўцаў, на даішнікаў, на кіраўніцтва гораду?.. Адказ відавочны.
Мы вырашылі падысьці да гэтай праблемы зь іншага боку і паназіраць за тым, наколькі дысцыплінавана паводзяцца аўтакіроўцы, што пад’яжджаюць да нерэгуляванага пешаходнага пераходу, на якім мінакі маюць законную перавагу, але ня маюць аб’ектыўнага абаронцы ў выглядзе сьветлафору. Думаецца, пешаходны пераход – гэта той адпраўны пункт, навёўшы парадак на якім, можна рухацца далей у справе дысцыплінаваньня кіроўцаў і пешаходаў.
Як гэта ні прыкра, але за апошнія пару гадоў на пешаходных пераходах беларускіх гарадоў, і Віцебску ў тым ліку, загінула нямала дарослых і дзяцей. Таму дзеля аб’ектыўнасьці трэба адзначыць, што наезды зьдзяйсьняюць усё ж такі кіроўцы, і яны нясуць асноўную адказнасьць за іх.
Некалькі гадоў таму мяне ўразіў сюжэт, прадэманстраваны па тэлебачаньні: у перапоўненым пешаходамі і аўтамабілямі Лёндане кіроўцы імгненна спынялі свае машыны, як толькі чалавечая нага завісала над пешаходнымі паскамі. Мне тады падумалася: няўжо беларусы не маглі б паводзіць сябе гэтаксама дысцыплінавана і адказна?
Мяркую, што маглі б – і маглі б ніколькі ня горш. Але справа ў адсутнасьці тут прававой культуры, у адсутнасьці павагі да чалавека наогул і чалавечага жыцьця ў прыватнасьці. Кастрычніцкі пераварот, грамадзянская вайна, сталінскія рэпрэсіі, Другая сусьветная вайна – вось яны, этапы выхаваньня існай тут абыякавасьці. Аднойчы падзяліўшы людзей на сваіх і чужых, цяжка пагадзіцца з тым, што чалавек, які пераходзіць вуліцу пешкі, нічым не адрозьніваецца ад таго, што сядзіць за стырном аўтамабіля. Нават тады, калі кошт аўтамабіля зашкальвае.
Аддаўшы нямала часу назіраньню за паводзінамі пешаходаў і кіроўцаў перад пешаходным пераходам, можна зрабіць наступныя высновы: паводзіны гэтыя залежаць ад агульнай культуры, узроўню адказнасьці, часу сутак, магчымай наяўнасьці побач супрацоўніка ДАІ, месца разьмяшчэньня пераходу і яшчэ шмат якіх чыньнікаў…
Раніца. Пачатак працоўнага дня. Пешаходны пераход на вуліцы Ленінградзкай каля царквы Эўфрасіньні Полацкай. Машыны ідуць суцэльным патокам зь яўным перавышэньнем хуткасьці, чаму спрыяе ляндшафт і дарожнае пакрыцьцё. Ніхто й не думае прыпыняцца, набліжаючыся да пераходу. І нават калі хтосьці зь пешаходаў наважваецца ўшчаміцца ў нейкі прамежак паміж машынамі, паўтарыць гэткі гераічны ўчынак ніхто не рызыкуе.
Днём на пераходзе правоў у пешаходаў куды больш, асабліва пры частай наяўнасьці там аўтаінспэктара. А вось увечары нават пры пустой шашы можна нарвацца на экстрэмала на якім-небудзь БМВ, які можа цябе папросту і не заўважыць.
У цэнтры гораду пешаходы куды сьмялейшыя і часьцей карыстаюцца сваімі правамі. Балазе, там яны маюць колькасную перавагу, альбо не асабліва ў ёй саступаюць.
Як падалося, сярод вадзіцеляў найбольш дысцыплінаваныя – кіроўцы гарадзкіх маршрутак, таксісты. А вось уладальнікі дарагіх аўто, кіроўцы гарадзкіх аўтобусаў, цяжкіх аўто спыняюцца перад пераходам без асаблівага энтузіязму.
Існуюць праблемы з выкананьнем правілаў дарожнага руху на пераходах, што ўзьніклі зусім нядаўна, і да якіх кіроўцы не прызвычаіліся.
Безумоўна, спрыяюць выкананьню правілаў пешаходныя пераходы ў выглядзе «ляжачых паліцэйскіх». Але і на іх здараюцца відавочныя парушэньні. Сьведкам такога парушэньня мы сталі ля гімназіі №4. Так, кіроўца аўтамабіля ня скінуў хуткасьць і не спыніўся нават тады, калі школьнік амаль ступіў на пераход.
Паводле нашага глыбокага перакананьня, зьменшыць колькасьць аўтатранспартных здарэньняў можна толькі праз вольнае дэмакратычнае выхаваньне, у аснове якога ляжыць павага да чалавека і чалавечага жыцьця як такога.
С. Горкі