Выконваючы абавязкі начальніка Аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску маёр міліцыі К. Аднапалаў адмовіўся распачаць крымінальную справу паводле арт. 391 (абраза судзьдзі або народнага засядацеля ў сувязі з ажыцьцяўленьнем імі правасудзьдзя) у дачыненьні да грамадзянскай актывісткі Надзеі Куканос.
Прычына адмовы - у дзеяньнях Надзеі адсутнічае склад злачынства. Калі б крымінальная справа ўсё ж была ўзбуджаная, актывістцы пагражаў штраф да 1000 базавых велічынь або абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў.
У жніўні бягучага году на адрас старшыні Віцебскага абласнога суду Надзеяй Куканос была накіраваная скарга на дзеяньні судзьдзі суда Чыгуначнага раёну Віцебску Алены Цыганковай і старшыні таго ж суду Раісы Лупенковай. У гэтай скарзе, паводле меркааваньня судзьдзі і старшыні суду, Куканос дапусьціла абразьлівыя выказваньні.
Падчас апытаньня актывістка прызнала факт падачы скаргі на дзеяньні судзьдзі і старшыні суду, але катэгарычна адмаўляла, што сваімі выказваньнямі мела намер нанесьці абразы служыцелям Фэміды. У сваёй скарзе спадарыня Куканос сапраўды выказала рэзкую крытыку і дала адмоўную ацэнку дзейнасьці і прафесіяналізму судзьдзі Цыганковай і старшыні суду Лупенковай, аднак, паводле сьцьвярджэньня актывісткі, крытычныя словы былі выказаныя ў прыстойнай форме, бяз грубых і абразьлівых выразаў.
Гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту Віцебску падчас вырашэньня пытаньня наконт узбуджэньня крымінальнай справы паводле арт. 391 КК, ня ўгледзеў у матэрыялах праверкі дастатковых дадзеных, якія паказваюць на прыкметы злачынства – абразу судзьдзяў. На думку супрацоўнікаў ГАСК, крытычная ацэнка прафэсійных якасьцяў судзьдзяў Цыганковай і Лупенковай, якая дадзеная Куканос у скарзе, ёсьць яе суб'ектыўным меркаваньнем і абразай не зьяўляецца.
Пасьля такой высновы сьледчых матэрыялы праверкі праз пракуратуру Віцебску былі вернутыя ў Аддзел унутраных спраў, і маёру міліцыі Аднапалаву нічога не заставалася, як адмовіцца ад крымінальнага перасьледу Надзеі Куканос.