На афіцыйным сайце Чашніцкага райвыканкаму разьмешчаны шэраг апытаньняў пра тое, ці стае насельніцтву прававых ведаў, і ці ўмеюць яны іх выкарыстоўваць. Адказы пераважна адмоўныя. Як паказвае статыстыка на сайце, у апытаньнях узяла ўдзел невялікая колькасьць людзей. Але падсумаваныя вынікі сьведчаць пра недастатковасьць прававых ведаў.
Так, на пытаньне "Ці выніковая самаадукацыя ў галіне права?" адказалі 11 чалавек, зь іх сямёра лічаць, што так. 7 чалавек з 12-ці станоўча адказалі на пытаньне "Ці задавальняе вас аб'ём даступнай юрыдычнай інфармацыі?" Большасьць апытаных – 10 чалавек – лічаць, што на сайце выканкаму дастаткова зьвестак пра месцазнаходжаньне судовых, выканаўчых, заканадаўчых органаў улады і сродкаў для кансультацыяў і зваротаў. Толькі 1 чалавек не падтрымлівае гэтае меркаваньне.
Тым ня менш, з 14-ці ўдзельнікаў апытаньня "Ці дастаткова ў вас ведаў у сытуацыях, якія патрабуюць вырашэньня пытаньня абароны вашых інтарэсаў і правоў, 9 чалавек далі адмоўныя адказы. І толькі пяцёра вырашылі, што здольныя бараніць свае правы на грунце ўласных прававых ведаў. 8 чалавек з 12-ці апытаных лічаць, што стан прававога выхаваньня непаўнагадовых "эфэктыўны" і "адпавядае патрабаваньням бягучага моманту". Чацьвера з гэтым ня згодны.
Самым масавым было абмеркаваньне пытаньня, ці эфэктыўная прававая прапаганда ў СМІ. Выказаліся 86 чалавек, зь іх большасьць – 50 чалавек – ня згодны з тым, што СМІ ажыцьцяўляюць гэтую работу належным чынам.
Ці зробленыя на падставе такіх адказаў нейкія высновы, застаецца незразумелым. Паведамленьняў пра гэта на сайце няма, дый у раённай газэце "Чырвоны прамень" не пабольшала публікацыяў на прававую тэматыку. Там існуе хіба толькі рубрыка "Чалавек і закон", але ў ёй разьмяшчаюцца выключна матэрыялы пра злачынствы і адміністрацыйныя правапарушэньні, учыненыя ў рэгіёне.
На афіцыйным сайце Чашніцкага райвыканкаму інфармацыі даведачнага кшталту, здавалася б, і шмат. Аднак непасрэдна пра правы грамадзян тут няма нічога. Больш таго: афіцыйная інфармацыя тут даўно ўжо састарэлая. Прыкладам, існуе рубрыка "Паўторныя выбары адбудуцца 29 чэрвеня 2014 году", апошнія рашэньні мясцовага выканкаму, разьмешчаныя на сайце, датуюцца яшчэ 2012 годам. Гэта – таксама паказьнік стаўленьня да грамадзян з боку ўладаў, якія недастаткова дбаюць пра тое, каб жыхары Чашніччыны маглі б рэалізаваць свае правы ў поўнай меры.
spring96.org