Мітынг заплянаваны на 15 сакавіка. Мэта мерапрыемства: публічна адсьвяткаваць Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які ўведзены ўказам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26.03.1998 г. як дзяржаўнае сьвята. Заяўка пададзеная ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну.
Хутчэй за ўсё, заяўка ня будзе задаволеная, і раённая адміністрацыя мітынг забароніць, спаслаўшыся на рашэньне Віцебскага гарвыканкаму № 881 аб масавых мерапрыемствах у горадзе - менавіта гэтак ужо цягам сямі з паловай гадоў мясцовыя чыноўнікі рэагуюць абсалютна на ўсе заяўкі аб правядзеньні пікетаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, якія падаюць у раённыя адміністрацыі віцебскія праваабаронцы, грамадзянскія актывісты і апазыцыянэры.
Рашэньне гарвыканкаму патрабуе ад падаўцаў заявак на правядзеньне масавых мерапрыемстваў у Віцебску папярэдне заключыць дамовы на абслугоўваньне гэтых мерапрыемстваў з шэрагам устаноў: з гарадзкой паліклінікай, прадпрыемствам ЖКГ і міліцэйскай управай. Як паказала практыка, толькі камунальнікі часам згаджаюцца заключыць неабходную дамову перад падачай заяўкі, астатнія заўжды знаходзяць прычыну, каб ухіліцца ад выкананьня працэдуры, прадугледжанай рашэньнем гарадзкіх уладаў.
«Ёсьць дамовы - ёсьць дазвол на правядзеньне масавага мерапрыемства. Дамоваў няма (або ёсьць, але ня ўсе з патрэбных) - няма дазволу», - гэткая немудрагелістая схема, паводле якой дзейнічаюць віцебскія чыноўнікі, адказваючы на заявы пра масавыя мерапрыемствы. Прычым гэта тычыцца ня толькі сапраўды «масавых» мерапрыемстваў, але і адзіночных пікетаў. З моманту набыцьця моцы рашэньнем гарвыканкаму № 881 займець усе запаветныя дамовы ня здолеў яшчэ ніхто.
Што толькі ні рабілі актывісты Віцебску, каб дамагчыся скасаваньня або зьмены рашэньня, якое зрабіла немагчымым карыстаньне жыхарамі гораду iх канстытуцыйным правам на мірныя сходы. І скаргі пісалі ў гар- і аблвыканкам, і звароты дасылалі ва ўстановы юстыцыі, і ў суды падавалі - як на гарвыканкам, каб той адкарэктаваў сваё рашэньне, так і на ўстановы, пералічаныя ў гэтым рашэньні, каб змусіць іх заключаць дамовы. Усё безвынікова. Аргумэнт чыноўнікаў і судзьдзяў, што «рашэньне № 881 прайшло юрыдычную экспэртызу, адпавядае заканадаўству і ня мае патрэбу ў зьменах», ужо каторы год ставіць надзейны блёк ўсім спробам віцебчукоў скарыстацца сваім законным правам, гарантаваным Канстытуцыяй.
Паводле заяўкі праваабаронцы, меркаваная колькасьць удзельнікаў мітынгу - 100 чалавек. Мо’ чыноўнікам Чыгуначнай раённай адміністрацыі Віцебску гэтым разам варта адступіцца ад сваіх прынцыпаў і, паставіўшы Канстытуцыю вышэй за рашэньне гарадзкога органу выканаўчай і распарадчай улады гораду, дазволіць акцыю, каб яна прайшла пад іх кантролем?
Бо як прадэманстравалі падзеі апошніх тыдняў, віцебчукі, як і жыхары іншых гарадоў краіны, здольныя без усялякіх іх дазволаў праводзіць нашмат больш шматлюдныя масавыя мерапрыемствы. А калі колькасьць абураных грамадзян, якія выйшлі на вуліцу, яшчэ ўзрасьце, то стане цалкам імаверным сцэнар, што народ ня толькі зваліць мясцовыя ўлады зь іх нікчэмнымі рашэньнямі, але і адхіляць ад кіраваньня краінай увесь цяперашні палітычны рэжым,
Кастусь Дзьвінскі