Пры канцы сьнежня 2015 году Камітэт па правох чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў зарэгістраваў скаргу жыхара Віцебску Пятра Бярлінава.
Акалічнасьцю, якая схіліла спадара Бярлінава зьвярнуцца ў высокую міжнародную праваабарончую арганізацыю, стала рашэньне судзьдзі суду Чыгуначнага раёну Алены Цыганковай, якая падвергла яго пакараньню ў выглядзе адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным уладамі масавым мерапрыемстве.
А пачалася гэтая невясёлая гісторыя з кур'ёзу.
Не зьяўляючыся журналістам і не знаходзячыся ў шэрагах ніводнай палітычнай партыі або грамадзкай арганізацыі, Бярлінаў – выпадкова – узяў удзел у масавым вулічным мерапрыемстве – флэшмобе, якое 5 лістападп 2014 году ў Віцебску прывялі мясцовыя незалежныя журналісты. Публічнае мерапрыемства не было дазволенае ўладамі. А паколькі не было дазволенае, маёр міліцыі Аляксандар Рыбакоў з райаддзелу міліцыі склаў на Бярлінава пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні і перадаў гэты пратакол у суд.
Падчас судовага разбору судзьдзя Цыганкова не абцяжарыла сябе разабрацца ў заблытанай справе і пакарала Бярлінава да трох сутак арышту, якія ён да таго ўжо адбыў у ізалятары часовага ўтрыманьня Віцебску. Тым самым судзьдзя сваім рашэньнем прыкрыла незаконнае затрыманьне Бярлінава і ўтрыманьне яго пад арыштам без рашэньня суду.
Пётар Бярлінаў, не зьяўляючыся ані журналістам, ані грамадзянскім актывістам, па азначэньні ня мог быць датычным да арганізацыі і правядзеньня публічнага мерапрыемства і выказваць празь яго свае грамадзка-палітычныя погляды. Зыходзячы з гэтага факту, ён палічыў, што суд ня ўзяў пад увагу ўсіх абставінаў яго адміністрацыйнай справы і разгледзеў справу няпоўна, неўсебакова і неаб'ектыўна. Паводле яго глыбокога перакананьня, судзьдзя Цыганкова была прадузятай, бо адназначна стала на бок абвінавачваньня і ня высьветліла ўсе акалічнасьці і фактычны бок справы, ня стала знаходзіць аб'ектыўныя дадзеныя пра яго невінаватасьць і недатычнасьць да правапарушэньня.
Больш таго, Пётар Дзьмітрыевіч палічыў судовае рашэньне несправядлівым яшчэ і таму, што астатнія ўдзельнікі пікетаваньня (гэтак удзел ва флэшмобе быў кваліфікаваны судом) былі пакараныя штрафамі, і толькі ён, адзіны зь сямі ўдзельнікаў, за тое ж самае правапарушэньне быў падвергнуты адміністрацыйнаму арышту.
«Адміністрацыйны арышт быў успрыняты мною як пакараньне, не прапарцыйнае зьдзейсьненаму ўчынку. Бо адміністрацыйны арышт зьяўляецца пакараньнем, якое расцэньваецца грамадзтвам і дзяржавай як найбольш карнае, г.зн. ужываецца толькі ў крайніх, асаблівых выпадках у адміністрацыйнай вытворчасьці. Што я такога супрацьпраўнага ўчыніў, каб улады мяне гэтак сувора пакаралі?!» – напісаў у КПЧ спадар Бярлінаў.
Скаргу віцебчука пракамэнтаваў праваабаронца Леанід Сьвецік:
– Калі зыходзіць з матэрыялаў адміністрацыйнай справы, то, сапраўды, учынак Бярлінава можна расцаніць як удзел у пікеце. Няхай так. Але з тых жа матэрыялаў відавочна, што ён сваімі паводзінамі ніякім чынам не парушыў правоў і не нанёс шкоды рэпутацыі іншых асоб. Апроч таго, Бярлінаў не пасягаў на бясьпеку, грамадзкі парадак і маральнасьць насельніцтва, што ахоўваюцца дзяржавай. Прынамсі, яму гэтыя дзеяньні ня ставіліся ў віну ані ўладамі, ані судом.
Адвольны арышт і ўтрыманьне пад вартай без судовага рашэньня, а таксама дзеяньні суду па прыцягненьні Бярлінава да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе пазбаўленьня волі і ўтрыманьня пад вартай за бязьвінныя дзеяньні – гэта відавочнае парушэньне асноўных правоў чалавека, якія замацаваныя як у Канстытуцыі краіны і іншых нацыянальных заканадаўчых актах, так і ў міжнародных дамоўных забавязаньнях Рэспублікі Беларусь.
У дзеяньнях суду першай інстанцыі па справе Бярлінава ўгледжваецца відавочнае парушэньне правоў чалавека на справядлівы разбор яго справы кампэтэнтным, незалежным і непрадузятым судом. Да таго ж выклікае шкадаваньне, што і касацыйная, і наглядныя судовыя інстанцыі праігнаравалі ўсе довады Бярлінава, выказаныя ім у сваю абарону, і не знайшлі ў іх рэабілітуючых абставінаў.
І галоўнае. Права грамадзян на свабоднае выказваньне меркаваньня і на мірныя сходы ёсьць надзвычай важнае грамадзянскае і палітычнае права. Дзяржава, Рэспубліка Беларусь, добраахвотна ўзяла на сябе міжнароднае забавязаньне быць гарантам рэалізацыі беларускімі грамадзянамі гэтых правоў.
Факты і акалічнасьці, выкладзеныя ў паведамленьні Пятра Бярлінава, камітэт палічыў дастатковымі для прыняцьця яго скаргі да разгляду. КПЧ зарэгістраваў скаргу пад нумарам 2708/2015 і паведаміў пра гэта беларускім уладам.
Цяпер улады краіны абавязаныя паведаміць Камітэту сваю пазыцыю наконт справы Бярлінава, аргумэнтавана даказаць міжнароднай супольнасьці правату сваіх дзеяньняў. У выпадку калі довады афіцыйных асоб беларускай дзяржавы ня будуць пераканаўчымі і скарга будзе задаволеная, уладам неабходна будзе ліквідаваць усе дапушчаныя парушэньні і аднавіць правы Пятра Бярлінава, а таксама пакрыць яму матэрыяльную і маральную шкоду ў выглядзе грашовай кампэнсацыі.
Лявон Яфрэменка