Кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 Аляксандар Мікулін ладзіў 12 верасьня агітацыйнае пікетаваньне ў новым віцебскім мікрараёне Білева – насупраць адміністрацыйнага будынку кандытарскага камбінату “Віцьба”. Кіраўніцтву фабрыкі гэта вельмі не спадабалася.
Кандыдата ў дэпутаты па віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе № 18 Аляксея Гаўруцікава выклікалі ў РАУС Першамайскага раёну Віцебска і вярнулі рэчы, канфіскаваныя 30 жніўня падчас вобшуку аўтамабіля, на якім ён вяртаўся зь Менску.
Суд Чыгуначнага раёну Віцебска аштрафаваў віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду на чатыры базавыя велічыні за пікетаваньне ў цэнтры Віцебску. Хамайда трымаў ля "сіняга дому" плякат “Незаконным выбарам у незаконную „палатку“ – байкот!”
Вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда прастаяў ля “сіняга дому” ў Віцебску з плякатам “Незаконным выбарам у незаконную „палатку“ – байкот!” некалькі гадзін. Пасьля гэтага яго затрымалі і адвезьлі ў Чыгуначны РАУС Віцебску.
30 жніўня супрацоўнікі праваахоўных ворганаў абшукалі кандыдатаў ў дэпутаты Аляксея Гаўруцікава і Алену Фаміну. Гэта адбылося пасьля таго, як віцебскія кандыдаты ў дэпутаты наведалі менскі офіс “Руху “За Свабоду”.
Раніцай 30 жніўня ў г. Віцебску быў затрыманы Алег Шрамук, стваральнік суполкі «Надоел нам этот Лукашенко» ў сацыяльнай сетцы Вконтакте. Сябры і сваякі Алега зьвязваюць затрыманьне зь яго актыўнай грамадзянскай пазыцыяй і стварэньнем ім інтэрнэт-суполкі, якая налічвала каля 40 тысяч падпісчыкаў. Напярэдадні «Надоел нам этот Лукашенко» была ўзламаная, рахунак Алега быў актыўны, і ішло актыўнае выдаленьне інфармацыі з суполак і са старонкі Алега.
Выступ Сяргея Рэзьнічэнкі мусіў трансьлявацца ўвечары 28 жніўня. Але ў этэр ён так і ня выйшаў. Актывіст АГП зьвярнуўся ў Віцебскую тэлерадыёкампанію, дзе яму паказалі паперу з ЦВК. Аднак яго прозьвішча ў дакумэнце пра забарону тэлевыступаў не было.
Сустаршыня “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”, палітвязень Павал Севярынец пракамэнтаваў новы прысуд лідэру “Маладога Фронту” Зьмітру Дашкевічу (дадатковы год турмы): “Судзілішча над Дашкевічам – вельмі сур’ёзная рэч. Па-першае, цяпер паняцьце ‘дасядзець да званка’ для палітвязьняў адмяняецца. Колькі будзе рэжым – столькі будуць і палітвязьні. І, магчыма, некаторым давядзецца адбыць у турме столькі ж, колькі ва ўладзе будзе Лукашэнка. Такім чынам, гэта сыгнал і прысуд усім вязьням сумленьня”.
З пытаньнем, ці мае мае права назіральнік на выбарчым участку выкарыстоўваць разнастайную оптыку - акуляры, бінокаль, манокаль, падзорную трубу, лярнэт і іншыя, - зьвярнуўся ў цэнтральную выбарчую камісію віцебскі актывіст Кастусь Мардзьвінцаў. Адказ, атрыманы ад старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай: карыстацца акулярамі назіральнік мае права, “што тычыцца спэцыяльных аптычных прыбораў, то іх скарыстаньне для ажыцьцяўленьня нагляданьня на ўчастку для галасаваньня выбарчым заканадаўствам не прадугледжана”.