Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў даслаў электронны зварот на сайт Аляксандра Лукашэнкі. Ён патлумачыў Радыё Свабода, што нагодай для гэтага сталася сувэнірная прадукцыя, якая прадаецца ў Віцебску. Фотаздымак магніта на лядоўню праваабаронца даслаў разам са сваім зваротам.
5 лістапада па ўсім сьвеце праходзілі акцыі салідарнасьці "Станем за журналістыку". Яны ладзяцца з ініцыятывы Міжнароднай Фэдэрацыі Журналістаў (МФЖ) і прысьвечаныя барацьбе журналістаў за іхныя правы, супраць палітычнага і эканамічнага ціску на СМІ, фізычнага гвалту супраць журналістаў і складаных умоваў працы. Незалежныя журналісты зь Віцебску далучыліся да сусьветнай кампанію ў падтрымку свабоднай журналістыкі.
Чарговую забарону ладзіць пікет атрымалі ад мясцовых уладаў сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў і Пётра Сарапеня. Прычына забароны – традыцыйная для Віцебску: адсутнасьць у заяўнікаў акцыі дамоваў зь лекарамі, дворнікамі і міліцыянтамі. Пікет мусіў адбыцца 7 лістапада.
1 лістапада з нагоды восеньскіх Дзядоў па заведзенай традыцыі шэраг сяброў віцебскіх партыяў, грамадзкіх рухаў і журналістаў з ініцыятывы Барыса Хамайды наведалі грамадзкі мэмарыял Паляі і могілкі, на якіх пахаваныя віцебскія грамадзкія і партыйныя актывісты, якія адышлі ў вечнасьць.
Заклапочанасьць наконт умоваў утрыманьня пад вартай вязьня Ігара Аліневіча выказала дэпутатка парлямэнту ФРГ Марылуізэ Бэк. Яна напісала ліст амбасадару Беларусі ў Нямеччыне з патрабаваньнем стварыць годныя ўмовы турэмнага ўтрыманьня палітвязьню.
У суполцы праваслаўнага вайскова-патрыятычнага брацтва, якое дзейнічае пры друцкім храме Раства Прасьвятой Багародзіцы, зьявіліся фатаздымкі з вучэньняў, якія прайшлі 27–29 кастрычніка ў вайсковай частцы № 71325, што ў вёсцы Заслонава Лепельскага раёну. На фатаздымках — падлеткі ў камуфляжнай форме з «георгіеўскімі стужкамі», павязанымі ў каго на плячы, у каго на рукаве, у каго на грудзёх. Хлопцы 12–16 гадоў, а таксама й некалькі дзяўчат сфатаграфаваліся і ў танку, і падчас знаёмства з тэхнікай МНС, і на турніры па лязэртагу.
Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Пляцформа» (прыватная культурна-асьветніцкая ўстанова «Платформ інавэйшан») Міхаіл Жамчужны арыштаваны ў Віцебску ў жніўні гэтага году, аднак дагэтуль бракуе інфармацыі аб прычынах ягонага арышту. Пра гэта паведамляе сайт «Пляцформы».
Праваабаронца Павал Левінаў праінфармаваў Віцебскі гарвыканкам аб правядзеньні адзінаасобнага вулічнага шэсьця. У якасьці маршруту ён пазначыў дарогу ад свайго дому да крамы "Віцебскія прадукты". І атрымаў пісьмовую забарону на падставе таго, што ня выканаў патрабаваньняў рашэньня гарвыканкаму "Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску".
Некалькі гадоў на ўзьлеску каля вёскі Паляі ствараецца самаробны мэмарыял – у памяць пра мірных жыхароў, якіх расстрэльвалі тут у 1930-50 гады. Тут усталявана некалькі крыжоў, і добраўпарадкаваньне гэтага месца стала клопатам віцебскіх актывістаў.