Настаўнік зь Бешанковічаў, паэт і бард Георгі Станкевіч хацеў аспрэчыць рашэньне раённага суду. 3 красавіка яго аштрафавалі на 7 з паловай мільёнаў рублёў (50 базавых велічынь) за выраб і распаўсюд газэты "Крывінка", якая выдаецца на ўласныя сродкі заснавальніка.
Разгляд ягонай скаргі адбыўся ў Віцебскім абласным судзе 7 траўня. Аднак сам Станкевіч ня змог прыехаць, а судзьдзя Сьвятлана Іванова адмовілася разглядаць ягоную скаргу публічна, нягледзячы на тое, што ў залі прысутнічалі аднадумцы Георгія Станкевіча і віцебскія праваабаронцы.
Рашэньне абласнога суду пра тое, што скарга Георгія Станкевіча не задаволеная, ён атрымаў толькі цяпер. З дасланай па пошце пастановы вынікае, што абласны суд ня ўбачыў працэсуальных парушэньняў падчас суду над заснавальнікам і выдаўцом "Крывінкі", і не заўважыў парушэньня правоў Георгія Станкевіча.
"Так і напісана: "працэсуальных парушэньняў, якія маглі б пацягнуць за сабой скасаваньне судовага рашэньня, ня выяўлена". А пра тое, што суд праходзіў без адваката, бо судзьдзя Натальля Рэўт адмовілася пачакаць абаронцу зь Менску, якому я давяраў абарону сваіх інтарэсаў, напісана наогул незразумела што: "сьведчаньне пра парушэньне права на абарону пацьверджаньня не знайшло", бо я нібыта "пакінуў паседжаньне без дазволу судзьдзі". Дзе тут лёгіка? Судзьдзя сама загадала мне пакінуць залю – пасьля таго, як я некалькі разоў выказваў хадайніцтва, каб ў працэсе ўзяў удзел менскі адвакат, зь якім ужо дамовіліся, а не прадстаўнік раённай адвакацкай канторы, куды мяне адпраўляла судзьдзя. Гэтаксама я хадайнічаў, каб на суд паклікалі перакладчыка, бо я не дастаткова валодаю расейскай мовай, каб зразумець усе юрыдычныя моманты. Аднак мне і ў гэтым адмовілі", – камэнтуе атрыманую пастанову Георгі Станкевіч.
Выдалены з залі суду выдавец "Крывінкі" падаў у пракуратуру скаргу на дзеяньні судзьдзі Натальлі Рэўт. Пракурор паабяцаў даць пісьмовы адказ, а ўмяшацца ў справу неадкладна не палічыў патрэбным. Была напісаная і другая скарга на імя старшыні суду. Тым часам судзьдзя завяршыла працэс. Вынікам стаў штраф паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП за парушэньне парадку выданьня і распаўсюду "Крывінкі".
Суд паводле гэткага абвінавачаньня быў ужо трэцім для Георгія Станкевіча. Першую адміністрацыйную справу супраць яго і "Крывінкі" распачалі ў 2010 годзе. Скончылася тады судом і штрафам памерам 20 базавых велічынь. Наступны штраф у 2012 годзе быў ужо ў два разы большым – 40 базавых велічынь. Ранейшыя судовыя рашэньні таксама не ўдавалася абскардзіць у абласным судзе і ў вышэйшых судовых інстанцыях. Скарга Георгія Станкевіча наконт абвінавачаньня ў 2010 годзе чакае разгляду ў КПЧ ААН.
spring96.org