У Віцебскую абласную тэрытарыяльную выбачую камісію ўключаныя 13 сябраў з 17 прэтэндэнтаў. Прадстаўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет”, старшыня абласной партыйнай арганізацыі Мікалай Селівашка (на фота) будзе адзіным у камісіі зь ліку віцебскіх дэмакратаў. Намесьніка старшыні абласной арганізацыі партыі БНФ Кастуся Смолікава ў камісію не ўключылі. Як не ўключылі і праваабаронцу Паўла Левінава, які вылучаўся шляхам падачы заяваў грамадзян.
Ахвотныя вылучаліся ад партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў (10 чалавек), ад грамадзян шляхам падачы заяваў (6 чалавек), ад працоўных калектываў (1 чалавек). Апрача Мікалая Селівашкі з партыйцаў у склад абласной выбарчай камісіі ўключаныя прадстаўнікі ЛДП, КПБ, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. Некалькі чалавек прадстаўляюць грамадзкія структуры - РГА “Белая Русь”, ГА “БРСМ”, Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў, ГА “Беларускі саюз жанчын”, прафсаюзных арганізацыяў. Рашэньне па фарміраваньні камісіі было прынятае 26 сьнежня, першае арганізацыйнае паседжаньне абласной выбарчай камісіі прайшло 27 сьнежня.
Паводле старшыні Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца, гэтыя выбары пройдуць у год 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў пэрыяд падрыхтоўкі да сьвяткаваньня 70-годзьдзя Перамогі, і таму “неабходна правесьці выбарчую кампанію на самым высокім арганізацыйным узроўні, галосна і дэмакратычна”.
Праваабарончы цэнтар “Вясна”