26 сьнежня прадстаўніка рэспубліканскай праваабарончай арганізацыі "Беларускі Хэльсынскі камітэт» Леаніда Сьвеціка не дапусьцілі на сумеснае паседжаньне Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту і Прэзыдыюму Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў па ўтварэньні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ў горадзе Віцебску. Фармальнай прычынай нядопуску на паседжаньне стала адсутнасьць Леаніда ў сьпісе запрошаных.
Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь вызначана, што падрыхтоўка і правядзеньне выбараў ажыцьцяўляюцца адкрыта і галосна. Апроч таго, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь» дазваляе прадстаўнікам грамадзкіх арганізацыяў прысутнічаць на паседжаньнях выканаўчых і распарадчых органаў улады. Аднак патрабаваньне закону не было ўзятае ўладамі пад увагу – яны вырашылі не запрашаць праваабаронцу на паседжаньне гарадзкога выканкаму і прэзыдыюму Савету дэпутатаў.
«Ужо на стадыі фармаваньня тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ўлады пайшлі на відавочныя парушэньні патрабаваньняў дзеючага Выбарчага кодэксу краіны – не забясьпечылі адкрытасьць выбарчага працэсу. Таксама ўлады груба патапталі маё палітычнае права – непасрэдна і асабіста браць удзел у вядзеньні дзяржаўных спраў. Таму няма больш ані жаданьня, ані сэнсу далей назіраць за гэтымі "выбарамі"», – сказаў Леанід Сьвецік.