Віцебскі доктар Ігар Пастноў, у нядаўнім мінулым пацыент УАЗ «Віцебскі абласны клінічны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі» накіраваў зварот у Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь. Ён просіць Канстытуцыйны суд ініцыяваць праверку Закону Рэспублікі Беларусь № 349-3 «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі», у прыватнасьці , яго прэамбулы і артыкулу 40, на адпаведнасьць артыкулам 21, 40 і 62 дзеючай Канстытуцыі краіны.
Прычынай канстытуцыйнай скаргі сталі падзеі, якія адбываліся ў жніўні-верасьні 2013 году ў Віцебску. Тады, а менавіта 21 жніўня 2013 году, судзьдзя суду Віцебскага раёну Дзегцярова на падставе рашэньня ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі (УКК) і са згоды Віцебскай гарадзкой пракуратуры ў прысутнасьці намесьніка галоўнага ўрача па мэдычнай частцы па псыхіятрыі УАЗ Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі І. Панамарова вынесла пастанову аб прымусовым псыхіятрычным лячэньні Ігара Пастнова. Паседжаньне суду адбывалася без удзелу грамадзкасьці, прадстаўніка пракуратуры, законнага абаронцы, самога спадара Пастнова і ягоных крэўных.
Згодна з рашэньнем суду Ігар Пастноў падлягаў лячэньню і штомесячнаму агляду УКК, якая была надзеленая паўнамоцтвамі вызначаць ступень ачуньваньня апанэнта ўлады і неабходнасьці працягу яго лячэньня.
Таксама, на падставе арт. 40 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі», кіраўніцтвам лячэбнага установы было прынятае рашэньне пра абмежаваньне права апальнага лекара на вядзеньне ліставаньня, атрыманьне і адпраўку тэлеграм, лістоў, грашовых пераказаў, пасылак і бандэроляў, атрыманьне усялякага роду перадач. Акрамя таго, яму было забаронена карыстацца тэлефонам і прымаць наведвальнікаў, мець і набываць прадметы першай неабходнасьці, карыстацца ўласнай вопраткай.
Характарызуючы гэтыя падзеі, Ігар Аляксеевіч у сваім звароце піша, што «карная псыхіятрыя, якую выразна неканстытуцыйны Закон робіць сапраўднай, была прымененая да мяне не на словах, а на справе. Без своечасовай і эфэктыўнай дапамогі і абароны недзяржаўных інстытутаў і цывілізаваных людзей з разьвітай правасьвядомасьцю зь мяне б ужо, напэўна, зрабілі бязвольную расьліну».
Ён паказвае на неадпаведнасьць артыкулу 40 Закону «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі» артыкулу 40 Канстытуцыі, у якім гаворыцца, што «Кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы». Гэтага канстытуцыйнага права, на думку Пастнова, ён быў пазбаўлены. І гэтае пазбаўленьне стала магчымым з-за недасканаласьці дзейнага заканадаўства.
Як сьцьвярджае былы «вязень сумленьня», «Названыя ў артыкуле 40 Закону абмежаваньні не дазваляюць пацыенту паведаміць пра жорсткае або нялюдзкае абыходжаньне, пра злачынства, заявіць пра катаваньні, а таксама абмяжоўваюць права на абарону ў адпаведнасьці з артыкулам 62 Канстытуцыі» . У гэтым артыкуле асноўнага закону краіны абвяшчаецца, што «Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыцьцяўленьня і абароны правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе…».
Апроч таго, Канстытуцыяй наўпрост забаронена каму-небудзь процідзейнічаць аказаньню прававой дапамогі. Аднак у дачыненьні да Пастнова супрацьдзеяньне атрыманьню адвакацкай і іншай прававой дапамогі з боку кіраўніцтва УАЗ «Віцебскі абласны клінічны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі» было цалкам відавочным.
Пры канцы свайго звароту доктар-псыхіятар піша: « Ад таго, што пры дзеючым Законе я адчуў на сабе, у нашай краіне не застрахаваны ніхто! Гэтую патэнцыйную пагрозу павінен пастарацца ўсьвядоміць кожны з нас, ад кіраўніка дзяржавы і судзьдзі Канстытуцыйнага Суду да простага доктара. Усьвядоміць хаця б для таго, каб забясьпечыць сабе і іншым жыцьцё, годнае чалавека».