Цягам менш як месяца раённыя адміністрацыі Віцебску забаранілі 5 пікетаў, заяўкі на якія падавалі сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў і Ян Талпыга (на фота). Усе акцыі забароненыя з аднолькавай прычыны: арганізатары ня выканалі рашэньне Віцебскага гарвыканкаму № 811 “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”, бо не далучылі да сваіх заявак дамоваў з ЖКГ, міліцыяй і паліклінікай.
Згаданае рашэньне было прынятае гарадзкімі ўладамі Віцебску ў ліпені 2009 году, і з таго часу мясцовыя дэмакратычныя актывісты не змаглі зладзіць ў горадзе над Дзьвіной ніводнай акцыі, якую санкцыянавалі б улады: пералічаныя ў рашэньні службы ўсяляк ухіляюцца ад заключэньня з арганізатарамі масавых перапрыемстваў дамоваў, безь якіх атрымаць дазвол на правядзеньне гэтых мерапрыемстваў немагчыма.
Праз шэраг пікетаў, якія мусілі адбыцца з 20 кастрычніка па 7 лістапада актывісты хацелі публічна адсьвяткаваць юбілей сваёй партыі, выказаць пратэст супраць разьмяшчэньня вайсковых баз Расеі ў Беларусі і будаўніцтва атамнай электроўні ў Астраўцы, адзначыць Дзяды ды паведаміць жыхарам гораду пра згубную ролю камуністычнай ідалёгіі для нашай краіны.