Кастрычніцкі райсуд Віцебску адмовіў двум актывістам, якія хацелі ў судовым парадку змусіць цэнтральную гарадзкую паліклініку падпісаць дамову на мэдычнае абслугоўваньне ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі. Але суд не пагадзіўся прызнаць, што забарона вынесеная з парушэньнямі — як адпаведнага рашэньня выканкаму, так і беларускага заканадаўства.
Справа, якую два дні разьбірала судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Алена Папкова, тычылася забароны на правядзеньне ў Віцебску шэсьця і мітынгу. Гэтыя акцыі плянаваліся дзеля салідарнасьці зь лекарам Ігарам Пасновым, прымусова зьмешчаным на псыхіятрычнае лячэньне. Каардынатар руху «За свабоду» па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Аляксей Гаўруцікаў зьбіраліся абмеркаваць зь землякамі праблему недапушчальнасьці выкарыстаньня мэдычных установаў псыхіятрычнага профілю супраць тых, хто крытыкуе ўлады.
Актывістам адмовілі. У лісьце за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Шломы паведамляліся прычыны забароны: маўляў, яны ня выканалі патрабаваньняў гарвыканкаму, сфармуляваных у рашэньні № 881 «Аб правядзеньні масавых акцыяў у горадзе Віцебску». У прыватнасьці, яны не прыклалі да заявак копіі дамоваў з ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі.
Да таго ж спадар Шлома паведамляў, што якраз 28 верасьня ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў заплянавана іншае мерапрыемства — сьвята для моладзі «Разам мы — вялікая сіла». Што да шэсьця, то тут гарвыканкам сам парушыў сваё ж рашэньне, тлумачыць юрыст Аляксей Гаўруцікаў:
«У рашэньні гарвыканкаму № 881 шэсьці не згаданыя ўвогуле. Адпаведна, дзеяньне гэтага рашэньня на дадзены від мерапрыемстваў і не павінна распаўсюджвацца! Але спадар Шлома ня стаў даваць суду тлумачэньні — двойчы не зьявіўся на працэс. А прадстаўніца аддзелу ідэалёгіі Ірына Пучкова заявіла, што рашэньне гарвыканкаму ляжыць у адным рэчышчы з законам аб масавых мерапрыемствах, а таму па змоўчаньні распаўсюджваецца на любыя акцыі. Пры гэтым яна ўпарта падкрэсьлівала, што гэтае рашэньне прайшло юрыдычную экспэртызу і таму бездакорнае. Хоць мы даводзілі суду, што яно супярэчыць дзейнаму заканадаўству».
Супярэчнасьць у тым, што ў законе аб масавых акцыях сказана пра парадак падачы заявак. А Віцебскі гарвыканкам яго «ўдасканаліў» — запатрабаваў заключаць дамовы на абслугоўваньне мерапрыемстваў яшчэ да таго, як будзе прымацца рашэньне пра дазвол ці забарону. І таму выканаць патрабаваньні гарвыканкаму немагчыма, працягвае Аляксей Гаўруцікаў:
«Мы паказалі суду адказы зь міліцыі. Там гаворыцца, што дамовы з намі будуць заключаць толькі пасьля таго, як будзе атрыманы дазвол ад выканаўчай улады. Так патрабуе закон. А рашэньне гарвыканкаму абласная ўправа МУС нават ня згадвае! Выходзіць, таксама яго парушае. Хоць спадарыня Пучкова падкрэсьлівала ў судзе, што яно абавязковае для выкананьня ўсімі названымі суб’ектамі».
Судзьдзя пастанавіла, што забарона актывістам вынесеная без парушэньняў. І не пагадзілася на прапанову актывістаў парэкамэндаваць гарвыканкаму прывесьці сваё рашэньне ў адпаведнасьць зь дзейным заканадаўствам.
«Рашэньне выканкаму „ўкліньваецца“ паміж законам і грамадзянінам, які мусіць яго выконваць. Праз гэта мы ня можам паступаць паводле закону і ня можам рэалізаваць сваё права на арганізацыю і правядзеньне масавых акцыяў. З намі папросту не заключаюць дамоваў, пакуль няма дазволу выканкаму. А там не даюць дазволу без дамоваў. Нас штурхаюць да таго, каб мы праводзілі акцыі бяз санкцыі ўладаў? Толькі так можна зразумець упартасьць гарвыканкаму, які не пагаджаецца зьмяніць сваё рашэньне, каб людзі змаглі скарыстацца сваімі канстытуцыйнымі правамі», — гаворыць Хрыстафор Жаляпаў.
З часу, як у 2009 годзе Віцебскі гарвыканкам прыняў сваё рашэньне № 881, у Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі з ініцыятывы дэмакратычных актывістаў.