Віцебскі сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў падаў заяўку ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну Віцебску на правядзеньне 14 верасьня пікету. Мэта меркаванай акцыі: давядзеньне да сьвядомасьці грамадзян – жыхароў гораду інфармацыі пра «небясьпеку для незалежнасьці Беларусі дазволу ўладамі разьмяшчэньня вайсковых баз імпэрскай Расеі ў нашай краіне».
Заяўленае месца правядзеньня акцыі – парк імя Савецкай Арміі (парк «Мазурына»). Парк – адно з трох месцаў у Віцебску, якое адмыслова адведзенае гарвыканкамам пад масавыя мерапрыемствы. Але гэта зусім не гарантуе, што пікет будзе дазволены. Раней Янам Дзяржаўцавым ужо падавалася аналягічная заяўка на правядзеньне 27 ліпеня пікету супраць разьмяшчэньня вайсковых баз Расеі. Але тая акцыя была забароненая.