Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Ўладзімер Царыкаў прызнаў пікетаваньне, праведзенае 27 ліпеня насупраць летняга амфітэатру кандыдатамі ў дэпутаты Тацянай Севярынец, Георгіем Станкевічам і Аленай Шабуняй, несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам.
Як мы паведамлялі раней, судовы працэс па адміністрацыйнай справе супраць апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты распачаўся 22 верасьня, але быў прыпынены. Цяпер стала зразумелым, што перанос справы на 26 верасьня спатрэбіўся суду дзеля таго, каб неяк аргумэнтаваць вынясеньне прысуду за бяскрыўднае сьпяваньне дзьвюх песьняў пад гітару падчас збору подпісаў у месцы, не забароненым для пікетаваньня.
Паказаньні выкліканага ў суд складальніка пратаколу капітана міліцыі Сяргея Вяраксы і сталіся неабходным аргумэнтам. Міліцыянт адзначыў, што, зь ягонага меркаваньня, перайшоўшы на другі бок вуліцы Леніна, кандыдаты ў дэпутаты ня ставілі на мэце зьбіраць подпісы, а значыць у парушэньне заканадаўства правялі несанкцыянаванае пікетаваньне.
Довады Тацяны Севярынец, Георгія Станкевіча, Алены Шабуні, выказаныя ў сваю абарону, суд пад увагу ня ўзяў.
Абагульніўшы матэрыялы справы, судзьдзя Ўладзімер Царыкаў прызнаў факт зьдзяйсьненьня адміністрацыйнага правапарушэньня пацьверджаным, а вінаватасьць апазыцыянэраў даказанай.
Прагледзеўшы відэазапіс, суд прыйшоў да высновы, што мэты правядзеньня пікетаваньня з выкананьнем дзьвюх песьняў насупраць летняга амфітэатру былі адрознымі ад мэтаў па зборы подпісаў. Судзьдзя падкрэсьліў, што кандыдаты ў дэпутаты ў той час ня мелі пры сабе падпісных аркушаў.
Тлумачэньня Алены Шабуні, што адначасна трымаць сьцяг ці гітару ды разам падпісныя аркушы фізычна немагчыма, суд не пачуў. Удзельнікі працэсу спрабавалі былі давесьці, што на момант выкананьня песьняў падпісныя аркушы былі побач – яны знаходзіліся ў торбе, якая ляжала долу побач з выканаўцамі і якая добра відаць на відэазапісу. Дарэчы, Алена Шабуня прынесла яе ў суд, як рэчавы доказ, і прадэманстравала прысутным. Але дарма.
Пастанова суду: «Тацяну Севярынец, Алену Шабуню, Георгія Станкевіча прызнаць вінаватымі ў зьдзяйсьненьні адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага часткай 1 артыкулу 23.34 адміністрацыйнага кодэксу, і прысудзіць штраф у памеры пяці базавых велічыняў, што складае сто пяць беларускіх рублёў».
С. Горкі