У Наваполацкі гарвыканкам зьвярнуўся мясцовы актывіст Міхаіл Біёнчык, але ў падрыхтоўцы акцыі зьбіраюцца ўдзельнічаць некалькі тутэйшых прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Пікет мяркуецца правесьці 7 траўня.
У нядзелю на пікеце маюць шанцы пабываць больш людзей, правесьці яго хочуць у цэнтры Наваполацку – насупраць гандлёвага цэнтру «Пралеска».
Як паведамляе на сваёй старонцы ў ФБ наваполацкі актывіст Яўген Парчынскі, «мэта акцыі – выраз пратэсту у сувязі з прыняцьцем дэкрэту №3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», падвышэньнем пэнсійнага ўзросту; патрабаваньне вярнуць у працоўны стаж тэрмін службы ў войску, адпачынак па доглядзе дзіцяці, навучаньне ў ВНУ, пэрыяд догляду інваліда першай групы або дзіцяці-інваліда, а таксама пажылога чалавека ва ўзросьце ад 80-гадоў».
Зьвяртаючыся да ўладаў, спадар Біёнчык зазначае, што мае права на правядзеньне пікету згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, з заканадаўствам аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў, а таксама паводле Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.
У заяўцы гаворыцца, што забесьпячэньне правапарадку, чысьціні на месцы пікету, а таксама адказнасьць за стан здароўя ўдзельнікаў бярэ на сябе асабіста заяўнік: ён гатовы мець пры сабе аптэчку зь лекамі і прыбраць тэрыторыю пасьля акцыі, калі гэта неабходна.
Аднак у рашэньні Наваполацкага гарвыканкаму, якое рэглямэнтуе правядзеньне масавых акцыяў, запісана, што прыборку мусяць праводзіць службы ЖКГ, за парадкам абавязаная сачыць міліцыя, а падчас вулічных мерапрыемстваў павінна быць арганізаванае дзяжурства мэдыкаў. І што з усімі гэтымі службамі трэба загадзя заключыць дамовы – перш чым зьвяртацца ў гарвыканкам.
Як паказвае практыка, згаданыя службы адмаўляюцца заключаць дамовы з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў, а мясцовыя ўлады на гэтай падставе адмаўляюць заяўнікам у іх праве праводзіць акцыі. Прынамсі, так было на працягу мінулых гадоў. Што да апошняга выпадку, то адказ на сваю заяўку Міхаіл Біёнчык мусіць атрымаць не пазьней як 2 траўня – ня менш як за 5 дзён да заплянаванага актывістамі пікету.
spring96.org
фота: freeregion.info