Актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Яўген Анішчанка падаваў заяўку на вулічную акцыю, каб абмеркаваць зь землякамі праблему «замарожанага» будоўлі новага корпусу шпіталя імя Сямашкі. Аднак ён нават не атрымаў адказу з выканкаму.
Пікет у цэнтры гораду быў заплянаваны на 6 красавіка. Аднак ані ў гэты дзень, ані за некалькі дзён перад тым, як патрабуе заканадаўства, адказу з выканкаму не было, кажа Яўген Анішчанка:
«Адказу па пошце я не атрымаў, патэлефанаваў у райвыканкам сам. Сказалі, што нібыта адказ дасылалі яшчэ тыдзень таму, але, мабыць, “пошта згубіла”. Прыкра такое чуць: мой зварот дык чамусьці дайшоў, а як грамадзянам адказаць па законе – нібыта і не абавязкова! Сказалі, што “вам забаронена, бо вы ж не дамовіліся з мэдыкамі, камунальнікамі і міліцыяй пра дзяжурства на пікеце”. А дамовіцца зь імі немагчыма: яшчэ ў 2012 годзе, калі мы хацелі зладзіць пікет пра аварыйны мост, мы таксама спрабавалі заключыць дамовы. Нават праз суд. Юрысты зь міліцыі і паліклінікі ў адзін голас заявілі, што ў іх нават няма прэйскуранту на паслугі паводле заказаў прыватных асоб, і ажыцьцяўленьне такіх паслуг не ўваходзіць у іх прафэсійныя абавязкі. Ня мае прэйскуранту на прыборку тэрыторыі на замову прыватных асоб і прадпрыемства “Спэцаўтабаза”».
Такім чынам, яшчэ адзін пікет у Воршы забаронены, а ўвогуле масавых акцыяў з ініцыятывы грамадзкіх актывістаў у горадзе не было з 2009 году – з тае пары, калі зьмянiліся патрабаваньні райвыканкаму да падачы заяўкі.
Між тым, праблема «замарожанай» будоўлі паліклінікі – досыць балючая для месьцічаў. У новым дзесяціпавярховым корпусе, будаўніцтва якога распачалося яшчэ ў 2012 годзе, і які ўзводзіцца за сродкі абласнога бюджэту, плянавалі разьмясьціць нэўралягічнае, кардыялягічнае, рэанімацыйнае ды іншыя аддзяленьні. Адчыніцца яны мусілі яшчэ некалькі гадоў таму, але будаўніцтва аніяк не завершыцца: у 2015 годзе работы спынілі, і аднавіць іх абяцалі толькі ў другім квартале 2016 году.
Аднак і ён ужо пачаўся, але на будаўнічай пляцоўцы людзей няма, і тэхніка па-ранейшаму не задзейнічаная.
spring96.org