Пяцёра жыхароў Віцебску, сяброў КХП БНФ, зьвярнуліся ў адміністрацыі Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў Віцебску па дазвол правесьці акцыі да 98-х угодкаў утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
Актывісты хочуць правесьці пікеты 25 сакавіка ў тых месцах, якія адмыслова вызначаныя мясцовымі ўладамі для правядзеньня вулічных мерапрыемстваў – гэта парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў (Чыгуначны раён) і парк імя 30-годзьдзя ВЛКСМ (Першамайскі раён).
За апошнія 6 год у Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі з ініцыятывы грамадзкіх актывістаў, бо яны ня маюць магчымасьці выканаць патрабаваньняў рашэньня Віцебскага гарвыканкаму наконт арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. А віцебскія ўлады, у сваю чаргу, катэгарычна адмаўляюцца ўнесьці зьмены ў невыканальныя патрабаваньні.
Тым ня менш, мяркуе адзін з заяўнікаў Ян Дзяржаўцаў, неабходна ўвесь час нагадваць уладам пра свае правы:
«На працягу ўжо шасьці гадоў нас пазбаўляюць права публічна выказваць свае меркаваньні. Спасылаюцца на тое, што мы не заключаем дамоваў на абслугоўваньне акцыяў, хоць у кожнай мясцовай адміністрацыі ўжо добра ведаюць: такія дамовы заключыць немагчыма. Віцебскія актывісты судзіліся з чыноўнікамі, скардзіліся ў вышэйшыя інстанцыі – але ўсё гэта было безвыніковым. Аднак улады мусяць ведаць, што мы не адракліся ад ідэі данесьці свае погляды да людзей і што мы памятаем пра свае канстытуцыйныя правы, якія яны парушаюць. І будзем іх адстойваць».
spring96.org