Сябры створанай мясцовымі ўладамі камісіі па ўшанаваньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў сустрэліся з грамадзкасьцю. Сустрэча адбылася 12 лютага ў памяшканьні Мазалаўскага сельскага савету. Яна стала рэакцыяй уладаў на калектыўны зварот у выканкам Віцебскага раёну ініцыятараў стварэньня грамадзкага аб'яднаньня «Хайсы».
Падпісанты названага звароту прапанавалі раённым уладам ушанаваць памяць меркаваных ахвяраў сталінізму і пахаваць іх парэшткі непасрэдна на тым месцы, дзе яны былі знойдзеныя, то бок у Вераб'ёвым лесе.
Акрамя намесьніцы старшыні Віцебскага райвыканкаму па сацыяльных пытаньнях Ксеніі Карабач, якая ўзначальвае камісію, на сустрэчы прысутнічалі начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Марына Здольнікава, галоўны спэцыяліст гэтага аддзелу і адначасна сакратарка камісіі Ірына Тарасава ды старшыня Мазалаўскага сельскага савету Леанід Дубіна.
Як адзначыла Ксенія Карабач, камісія пакуль ня ў стане станоўча адказаць на прапановы, выказаныя ў заяве. Рэч у тым, што парадак ушанаваньня знойдзеных на тэрыторыі раёну няўлічаных парэшткаў строга рэглямэнтаваны. Таму, перш як прыняць пэўнае рашэньне, камісія мусіць выканаць цэлы шэраг папярэдніх мерапрыемстваў.
Сакратарка камісіі Ірына Тарасава азнаёміла прысутных з матэрыяламі, датычнымі да знойдзенага пахаваньня, якія ў цяперашні момант маюцца ў распараджэньні камісіі. Яна заявіла, што ідзе іх сыстэмнае вывучэнне. Паведаміла яна і пра тое, што ні Нацыянальны архіў РБ, ні Ўпраўленьне КДБ па Віцебскай вобласці ня маюць зьвестак пра месцы масавых пахаваньняў у гады рэпрэсіяў і войнаў у ваколіцах вёскі Хайсы.
Згодна з агучанай інфармацыяй, Сьледчы камітэт адмовіўся распачаць крымінальную справу з-за дрэннага захаваньня касьцявых парэшткаў. Маўляў, гэта перашкаджае вызначэньню дакладных прычынаў сьмерці. Але ў той самы час, не тлумачачы чаму, прадстаўнікі СК узялі на сябе адказнасьць сьцьвярджаць, што пахаваньне можа мець дачыненьне да падзеяў 1941-1945 гадоў.
Агучыла сакратарка камісіі і высновы археоляга 52-га пошукавага батальёну Вадзіма Таміліна, які мяркуе, што пахаваньні могуць быць датаваныя пэрыядам з 1936 па 1941 год. Разам з тым археоляг сьцьвярджае, што дакладнаму датаваньню пахаваньня перашкаджае тая акалічнасьць, што парэшткі страцілі анатамічную цэльнасьць, а значная колькасьць знаходак зьнікла яшчэ да пачатку пошукавых работ.
Пасьля таго, як Ірына Тарасава надала асаблівую ўвагу фрагмэнту нямецкага кіцеля, у прысутных склалася ўражаньне, што менавіта гэта матэрыяльнае сьведчаньне было самым значным з усіх знойдзеных. Што цікава, экспэртыза гэтага невялікага кавалка тканіны праводзілася з надзвычайнай дбайнасьцю, якой так бракавала, калі справа тычылася чалавечых парэшткаў. Як ня ўспомніць, што раней гэтую рэч згадвалі і карэспандэнт раённай газэты, і афіцэр міліцыі, які нават адмыслова наведаў месца пахаваньня, і прадстаўнікі Мазалаўскага сельсавету. Падаецца, нямецкі кіцель ёсьць своеасаблівай казырнай картай у рукох уладаў, якой можна пабіць любыя «неканструктыўныя» аргумэнты грамадзкасьці.
Грамадзкія актывісты, са свайго боку, выказалі ўласнае бачаньне праблемы, прывялі свае аргумэнты і зрабілі заўвагі адносна агучаных камісіяй матэрыялаў.
Уладзімер Іваноў, які калісьці працаваў сьледчым МУС, зьвярнуў увагу на два важныя моманты дзеля высьвятленьня ісьціны – на датычнасьць і дапушчальнасьць доказаў. Як ён адзначыў, датычнасьць – гэта тое, што мае дачыненьне да падзеі; дапушчальнасьць – матэрыялы расьсьледаваньня, аформленыя належным чынам. Неаформленыя матэрыялы не дапускаюцца ў якасьці доказу. Высновы робіць той, хто аналізуе матэрыялы, якія да яго паступілі. Зыходзячы з азоў крыміналістыкі, Уладзімер Іваноў паставіў пытаньні: «Чаму, валодаючы адным і тым жа або вельмі блізкім матэрыялам, археоляг Тамілін робіць адны высновы, а Сьледчы камітэт іншыя? Ці не азначае гэта, што высновы Сьледчага камітэту галаслоўныя?» Былы сьледчы таксама зважыў на тое, што пастанова пра адмову ў распачынаньні крымінальнай справы апярэджвае высновы, зробленыя археолягам пошукавага батальёну па выніках палявых раскопак.
На думку Іванова, памылкай можна лічыць і той факт, што пошукавы батальён праводзіў раскопкі выключна тых пахаваньняў, якія раней ужо ўскрываліся чорнымі капальнікамі. Паўстае чарговае пытаньне: «Чаму пошукавы батальён не раскопваў некранутыя пахаваньні?» Сёлета ёсьць сэнс працягнуць пошукавыя працы, упэўнены Ўладзімер Іваноў.
Выказваючы свае заўвагі, грамадзкія актывісты зьвярнулі ўвагу сяброў камісіі на тую акалічнасьць, што большасьць знойдзеных падчас раскопак куль належыць зброі, якой карысталіся расстрэльныя каманды НКВД (кольт сорак пятага калібру, пісталет наган і вінтоўка Мосіна). Таксама знойдзеныя чарапы маюць сьляды кулявога пранікненьня ў вобласці патыліцы, што зь вялікай доляй верагоднасьці паказвае на прыналежнасць пахаваньняў да пэрыяду сталінскіх рэпрэсіяў.
Адзін з выступоўцаў зазначыў, што сама назва камісіі – «па ўшанаваньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў» – выклікае ў пэўнай часткі грамадзкасьці недавер да аб'ектыўнасьці яе працы. Гэтая назва намякае, што разгляд магчымай прыналежнасьці пахаваньняў да часоў сталінскіх рэпрэсіяў фармальна знаходзіцца па-за рамкамі кампэтэнцыі камісіі.
Сябра партыі БНФ Кастусь Смолікаў адзначыў, што прадстаўнікі грамадзкасьці гатовыя да канструктыўнай супрацы з камісіяй, але ня бачаць зь яе боку ніякай ініцыятывы. Ён заклікаў раённую камісію зьвярнуцца ў Сьледчы камітэт з прапановай распачаць крымінальную справу адносна знойдзеных парэшткаў. На думку спадара Смолікава, гэта паспрыяла б і працы камісіі, і высьвятленьню праўды. Прапанову апазыцыянэра Ксенія Карабач адразу ж адкінула...
Не задаволіла Ксенія Карабач і прашэньня пра ўлучэньне ў склад раённай камісіі прадстаўнікоў грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы». Як яна патлумачыла, такая працэдура не прадугледжаная яе рэглямэнтам. А вось запрасіць прадстаўнікоў грамадзкасьці на канкрэтнае паседжаньне па канкрэтным пытаньні – камісія мае поўнае права.
Намесьніца старшыні Віцебскага райвыканкаму Ксенія Карабач, якая старшынявала на сустрэчы, не аднойчы пераконвала прысутных: праца камісіі адкрытая і галосная, яна працягваецца, пытаньне не закрытае, ідзе збор дадзеных і зьвестак, якія маюць дачыненьне да пытаньня. Чыноўніца адзначыла, што агучаныя на сустрэчы матэрыялы даюць права сьцьвярджаць, што ў Рэспубліцы Беларусь тэма ахвяраў НКВД не зьяўляецца закрытай, ня ёсьць табу. Цяпер камісія вывучае матэрыялы, якія выклікаюць спрэчкі.
Пры канцы сустрэчы ініцыятар калектыўнага звароту да ўладаў Ян Дзяржаўцаў прадэманстраваў прысутным відэазапіс успамінаў жыхара вёскі Хайсы Зьмітра Ганчарова, які прыгадвае некалькі эпізодаў, датычных даваенных рэпрэсіяў у гэтай мясцовасьці.
С. Горкі
фота: vitebskby.com