4 студзеня старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі накіраваў скаргу пракурору Ленінскага раёну Менску ў сувязі з тым, што на яго зварот па справе Міхаіла Жамчужнага Вярхоўны суд да гэтага часу ня даў адказу. Зварот старшыню Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь быў накіраваны 12 лістапада 2015 году.
«Да гэтага часу адказ на зварот ПЦ "Вясна" не атрыманы, - адзначаецца ў скарзе, - што зьяўляецца парушэньнем Закону Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб". Адмова ў прыёме звароту грамадзяніна або юрыдычнай асобы, альбо парушэньне вызначаных тэрмінаў разгляду такога звароту, альбо неінфармаваньне заяўніка аб рашэньні, прынятым па выніках разгляду звароту, альбо неправамерная адмова заяўніку ў азнаямленьні з матэрыяламі, якія непасрэдна датычацца разгляду звароту, альбо непрыняцьце ў межах сваёй кампэтэнцыі мер па аднаўленьні парушаных правоў, свабод і (ці) законных інтарэсаў заяўніка зьяўляецца адміністрацыйным правапарушэньнем. Права складаць пратаколы па гэтым складзе адміністрацыйнага правапарушэньня дадзена, у тым ліку, пракурору».
Аўтар скаргі просіць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкулу 9.13 КаАП службовую асобу Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, вінаватую ў парушэньні закону.
Нагадаем, што ў звароце праваабаронцы прасілі Валянціна Сукалу «выказацца пра сутнасьць крымінальнай справы ў дачыненьні да Міхаіла Жамчужнага, характар зьвестак, якія з парушэньнем вызначанага законам парадку ён здабываў, устаноўленыя прысудам матывы дзеяньняў асуджанага, у межах, якія не пацягнуць разгалошваньня ахоўваемых законам зьвестак». Паводле словаў аўтараў звароту, пералічаная інфармацыя мусіла паўплываць на ацэнку Праваабарончым цэнтрам «Вясна» абгрунтаванасьці і матываў крымінальнага перасьледу Міхаіла Жамчужнага і дазволіць зрабіць выснову, ці зьвязаны гэты крымінальны перасьлед зь яго праваабарончай дзейнасьцю.
Ужо пасьля звароту ў Вярхоўны суд праваабаронцы атрымалі некаторыя дакумэнты па справе заснавальніка ўстановы «Пляцформа» Міхаіла Жамчужнага, якія дазволілі зрабіць выснову пра палітычную матывацыю яго перасьледу, а яго прызнаць палітвязьнем. Адмысловая заява з патрабаваньнем «неадкладнага перагляду прынятага ў яго дачыненьні судовага прысуду пры захаваньні права на справядлівае судовае разьбіральніцтва і лiквiдацыі названых вышэй чыньнікаў» была падтрыманая вядучымі праваабарончымі арганізацыямі Беларусі.
spring96.org