Гэтым пандусам ня зможа скарыстацца чалавек у інвалідным вазку, кажа віцяблянін Барыс Хамайда. Ён не выключае, што такім чынам было вырашана пазбавіцца ад ягонай прысутнасьці.
Ужо не адно дзесяцігодзьдзе Барыс Хамайда распаўсюджвае газэты і часопісы каля так званага "Сінягя дому" – дому №28 па вуліцы Леніна ў Віцебску. Ён уладкоўваецца пад бел-чырвона-белым парасонам недалёка ад уваходу ў харчовую краму гандлёвай сеткі "Веста". Колькі дзён таму якраз на тым месцы, дзе актывіст звычайна ставіць свой столік і раскладвае незалежныя выданьні, вырашылі зрабіць пандус.
"Пандус ужо зрабілі. Тамсама зрабілі і новыя парэнчы. Але ўсё зроблена так, што ніводзін інвалідны вазок па гэтым пандусе ў краму не заедзе: з абодвух бакоў дзьвярэй прымацаваныя ліхтары, якія перагароджваюць дарогу. Дык навошта рабіць прыладу, якой людзі ня змогуць скарыстацца? Навошта марнаваць грошы і высілкі? Застаецца рабіць высновы, што хтосьці даў загад "пасунуць" мяне, выціснуўшы з таго месца, дзе я сустракаўся зь месьцічамі яшчэ з 1990-х гадоў! Інакш – гэта поўная бязглузьдзіца і зьдзек зь людзей з абмежаванымі магчымасьцямі", – кажа Барыс Хамайда.
Сыходзіць з "працоўнага месца" актывіст не зьбіраецца. Уладкавацца з газэтамі і часопісамі ён вырашыў у кутку паміж парэнчамі – тут ён не замінае мінакам, і землякі па-ранейшаму змогуць знайсьці яго каля "Сіняга дому".
spring96.org