Пасьля трох дзён галасаваньня практычна на кожным выбарчым участку ў Віцебску прагаласавала ня менш за 15% ад агульнай колькасьці зарэгістраваных выбаршчыкаў. Штодзённы прырост, бы па камандзе, складае пяць адсоткаў, што выклікае падазрэньне ў незалежных назіральнікаў – падазрэньне таго, што на выбарах прэзыдэнта краіны рэалізоўваецца загадзя напісаны сцэнар.
У першы дзень датэрміновага галасаваньня ў памяшканьнях для галасаваньня каля выбарчых скрыняў, як правіла, знаходзіўся супрацоўнік міліцыі. Аднак пасьля скаргаў назіральнікаў у пракуратуру, ва ўсе тэрытарыяльныя камісіі і ЦВК міліцыянты сталі несьці сваю службу па-за выбарчымі ўчасткамі.
На гэтых выбарах выбарчыя скрыні вырабленыя ў празрыстым варыянце, дык што назіральнікі і выбаршчыкі маюць магчымасьць бачыць колькасьць бюлетэняў у іх. Аднак, каб перашкодзіць кантролю за напаўняльнасьцю скрыняў, УВК у парушэньне прынцыпу адкрытасьці выбараў прынялі рашэньне аб забароне фота- і відэаздымкаў на выбарчых участках.
Паводле сьведчаньняў назіральнікаў, на выбарчых участках прысутнічаюць плякаты са схаванай агітацыяй за дзейнага кіраўніка дзяржавы і кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку. Прыкладам такой схаванай агітацыі назіральнікі называюць плякаты са сьлёганам прэзыдэнцкай кампаніі Аляксандра Рыгоравіча «За будучыню незалежнай Беларусі».
Назіральнікі ад дзяржаўных устаноў, прафсаюзаў і прадзяржаўных грамадзкіх аб'яднаньняў моўчкі назіраюць за тым, што адбываецца, не задаюць пытаньняў сябрам камісіяў аб ходзе галасаваньня, ня пішуць скаргаў. Гэта адбываецца таму, што гэтыя назіральнікі ня маюць належных ведаў выбарчага заканадаўства, альбо ім загадана не праяўляць пільнасьці. Іхная роля, паводле сцэнару правядзеньня выбараў прэзыдэнта краіны, – ствараць карцінку прысутнасьці масы назіральнікаў на выбарчых участках.
Віцебская вясна