Дваццаць гадоў таму Вера Сьцепанішчава была сярод тых журналістаў Віцебшчыны, якія трапілі на ўстаноўчы зьезд Беларускай асацыяцыі журналістаў і дзякуючы намаганьням якіх паўстала незалежная беларуская журналістыка. Сёньня з нагоды дваццацігодзьдзя БАЖу яна ласкава пагадзілася адказаць на пытаньні карэспандэнта Віцебскай вясны.
Спадарыня Вера, якімі Вам бачацца сёньня тыя, ужо няблізкія часы з ужо забытым словам «перабудова»?
Тое, што адбывалася тады, у 90-я, гэта было такое шчасьце! Шчасьцем было працаваць нават у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі! Тады я была супрацоўніцай абласной газэты «Віцебскі рабочы» і працавала там даволі шмат. Калі пачалася перабудова, павеяла свабодай слова.
Антысаветчыцай я не была, але зь дзяцінства і па жыцьці, і ў прафэсіі хацелася быць шчырай. Аднак існавалі правілы. Калі мы ехалі на заданьне, нам казалі: патрабуецца крытычны матэрыял, альбо патрэбны станоўчы матэрыял. Гэта заўжды выклікала пратэст. І таму з надыходам перабудовы зьявілася магчымасьць пісаць тое, што думаеш. Пачаўся гэтакі прафэсійны кайф.
Калі нам раней казалі, што на «загніваючым Захадзе» ўсё дрэнна - мы і верылі, што дрэнна. Але потым адчынілася «зялезная заслона»! Я памятаю, калі на пачатку 80-х я трапіла ў ФРГ у складзе моладзевай дэлегацыі разам з Аляксандрам Стукалам. Мы так хацелі адшукаць тых самых жабракоў, пра якіх нам казалі, але так і не знайшлі. Пасьля гэтай паездкі ў нас расплюшчыліся вочы. Гэта быў сапраўдны шок! Які шчасьлівы пэрыяд: дзевяносты - дзевяноста чацьверты! Такое шчасьце! Для журналістаў гэта быў найлепшы час!
Прыгадайце, калі ласка, хто быў ініцыятарам Вашай паездкі на ўстаноўчы зьезд БАЖу, і хто быў разам з Вамі.
Як мы трапілі на ўстаноўчы зьезд БАЖу? Нас было чацьвёра: Я, Сяргей Навумчык, Сяргей Ласкавец і Андрэй Аліфірэнка. Хто прапанаваў нам ехаць у Менск на ўстаноўчы зьезд - я ня памятаю. Сяргей Навумчык і Сяргей Ласкавец былі маімі практыкантамі, і ў нас былі шчыльныя кантакты. Тады я ўжо працавала ў «Народным слове» - пры яго ўтварэньні меркавалася, што гэта будзе дэмакратычная газэта, хаця яе заснавальнікам і быў Віцебскі абласны савет дэпутатаў. Нас некалькі чалавек сышло зь «Віцебскага рабочага» і арганізавала гэтую газэту. Я была намесьніцай рэдактара.
Гэта былі абсалютна іншыя ўмовы працы. Гэта была насамрэч свабода слова. Мы друкавалі ўсё, што маглі. Без усялякіх абмежаваньняў. На працягу пяці гадоў, да 1995 году, ніякай цэнзуры не было. Уявіце, мы наведвалі сходы, на якіх у хвост і грыву, рознымі словамі крытыкавалі рознага ўзроўню кіраўнікоў, у тым ліку і віцебскага мэра Мікалая Федарчука, - і мы пра ўсё гэта пісалі. Праўда, потым старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Кулакоў запрашаў да сябе. Запрашаў, а не выклікаў! Цяпер проста б выгналі. Дый, па-першае, не надрукавалі б. А ён, адчуваючы ўсю няёмкасьць сытуацыі, пачынаў зьлёгку папікаць за выказаную крытыку, бо мэр, аказваецца, ягоны сябра. Маўляў, калі ласка, рабіце гэта як-небудзь больш ахайна. Усё было іншым.
Скажыце, напэўна, апрача вонкавых абставінаў мусілі існаваць і нейкія ўнутраныя матывы, якія змусілі вас зьмяніць устаялы вэктар жыцьця?
У «Віцебскім рабочым» быў добры калектыў, у гэтым пляне мне там было камфортна. Мы паважалі адно аднаго, але там такія жорсткія правілы гульні. Калі я вырасла з камсамольскай тэматыкі і выйшла на партыйную праблематыку, то мусіла стаць сябрам камуністычнай партыі. Пасьля чаго стала хадзіць на партыйныя сходы і заўважыла страшэннае разыходжаньне паміж тым, што людзі казалі ў кулюарах, і тым, што з трыбуны партыйнага сходу. Ну як так? Я ж ішла ў гэту прафэсію, каб адлюстроўваць рэчаіснасьць, разважаць. Для мяне гэта была мука.
Калі мяне пасьля наведваньня Нямеччыны запрасілі падзяліцца ўражаньнямі, я, ведаючы пра тое, што нельга адкрыта хваліць замежжа, асьцярожна сказала: «Ведаеце, калі мы будзем гэтак жа шмат працаваць, як немцы, то мы таксама будзем гэтак жа добра жыць». На што сакратар партыйнай арганізацыі абурыўся: «Так, нам трэба думаць, каго мы адпраўляем за мяжу». Гэта выклікала пратэст!
Але ж якія прыстасаванцы зараз ідуць у прафэсію! Паглядзіце на сучасных журналістаў з дзяржаўных выданьняў. Для мяне, як для журналіста, самае галоўнае – гэта крытычны погляд на рэчаіснасьць, жаданьне заглыбіцца ў сутнасьць справы і адлюстраваць разнастайнасьць жыцьця, той самы плюралізм. Для гэтага трэба мысьліць, думаць, умець гэта рабіць, хацець гэта рабіць, гэтым жыць! А зараз, як казала мая знаёмая, мэдык, калі да яе па інтэрвію прыйшла журналістка: «Тая нават не ведала, якое пытаньне задаць!»
Першым кіраўніком віцебскай гарадзкой арганізацыі БАЖу быў Андрэй Аліфірэнка. Што гэта быў за чалавек?
Пры ім былі вельмі шчыльныя кантакты сярод бажаўцаў: да нас прыяжджалі, нас запрашалі на разнастайныя сэмінары, да нас наведваліся замежныя журналісты. Жыцьцё віравала. Былі рознага кшталту навучаньні, трэнінгі. Было цікава! Гадоў праз пяць Андрэй вырашыў стварыць газэту для моладзі, якую так і назваў - «Молодёжная газета», але яна праіснавала нядоўга, не знайшлося крыніц фінансаваньня. Аліфірэнка быў яркім, таленавітым чалавекам, аднак урэшце ён сышоў з прафэсіі.
Якія зьмены адбыліся ў гарадзкой журналісцкай арганізацыі пасьля зьмены палітычнай ўлады ў краіне?
Пасьля Андрэя Аліфірэнкі старшынём гарадзкога БАЖу стаў Сяргей Буткевіч. Працягваліся сустрэчы, але пасьля 95-га году час пачаў зьмяняцца. І разам з палітычнымі зьменамі зьменшыўся напал дзейнасьці ўнутры віцебскага аддзяленьня БАЖу, хаця мы ўсё яшчэ працягвалі езьдзіць у Менск, на разнастайныя сэмінары, і амаль усе пераезьдзілі ў Швэцыю. Як толькі пайшоў наступ на свабоду слова, так неяк сама па сабе, незаўважна, пакрысе пачала затухаць актыўнасьць унутры нашай арганізацыі.
А потым надышоў момант, калі на зьмену Буткевічу прыйшоў Уладзімер Базан. У свой час, па іроніі лёсу, ён хацеў уладкавацца на працу да нас, у «Віцебскі рабочы», і я асабіста хадзіла прасіць за яго да галоўнага рэдактара, умаляла ўзяць яго ў штат, але той катэгарычна адмовіў. Пазьней насуперак усялякім перашкодам ён стварыў сваю газэту. І якая выдатная газэта была для нашай мясцовасьці, для нашай правінцыі! На той час, калі ён узначаліў арганізацыю, зьявілася нечыя ўстаноўка: нельга лічыць бажаўцамі тых, хто працуе ў дзяржаўнай прэсе. І нас неяк пачалі ігнараваць, хаця калектыў «Народнага слова», можна казаць, быў самай масавай складовай часткай арганізацыі, яе касьцяком. Неяк паціху спыніліся сэмінары, і потым нас ужо не зарэгістравалі як асобную арганізацыю. Цяпер ужо не тая тусоўка, што была на пачатку дзевяностых.
Праз пэўны час, паступова, БАЖ пачалі лічыць апазыцыйнай структурай. Але ж калі стваралася арганізацыя, гэта не была выразна акрэсьленая апазыцыя. У асноўным там былі прадстаўнікі дзяржаўнай прэсы, і мы ў тым ліку. Акром таго былі журналісты незалежных выданьняў – у асноўным менчукі. Потым мяне ня раз папракалі, што амаль увесь склад «Народнага слова» стаў сябрамі БАЖу. З гэтай прычыны нас усіх выключылі з Саюзу журналістаў, нягледзячы на тое, што мы не падавалі аніякіх заяў - мне было цікава тусавацца і тут і там, бо ўсё гэта прафэсійны асяродак, хаця ўзровень прафэсіяналізму быў розны.
Як Вы мяркуеце, дваццацігадовая дзейнасьць БАЖу неяк зьмяніла беларускую журналістыку?
Безумоўна. У глябальным сэнсе – так! Мне падабаюцца адкрытыя дыскусіі, якія разгортваюцца на бажаўскіх зьездах. Мне вельмі падабаецца атмасфэра, якая там пануе. Там сабраныя найлепшыя.
Але, на жаль, уплыў гэты не распасьціраецца на ўсе СМІ. Уявіце, ў дзяржаўнай прэсе ўжо зьявілася інфармацыя сацыялягічнага апытаньня, згодна зь якім дзейнага прэзыдэнта падтрымлівае 76,6 адсотку выбарцаў. Ну як гэтым СМІ ня сорамна так адкрыта парушаць закон? Не саромеюцца нічога, сумленьня ня маюць. Журналіст павінен мець сумленьне і законапаслухмянасьць, але не такую, што ідзе ад падпарадкаваньня ўладзе. Першаснай павінна быць журналісцкая этыка!
Дваццаць гадоў я адпрацавала ў «Народным слове», але ні разу не напісала слова «Лукашэнка»! На першых выбарах, дарэчы, я была назіральніцай ад БНФ. На старонках нашай газэты тады мы давалі аднолькавыя магчымасьці ўсім кандыдатам. Але ўжо тады было бачна, што чалавек ён малапісьменны. Як казала мая мама: «Усё крычыць і крычыць». На той момант я нават паверыць не магла, што ён можа перамагчы. Аднойчы да нас прыйшоў ліст ад малапісьменнай жанчыны, дзе памылка на памылцы, і там такія словы былі пра яго : «Ён такі, як мы». Я выношу гэтыя словы ў загаловак і даю не адаптаваны для газэты тэкст, а ксэракопію ліста, мяркуючы, што, калі «ён такі, як мы», дык паглядзіце, каго вы хочаце абраць. Мы думалі, што ліст будзе ўспрыняты, як контраргумэнт, а ўсё аказалася наадварот. Вось так!
Відавочна, на сёньняшні час сапраўдная журналістыка захавалася выключна ў незалежных выданьнях, такіх як «Свабодныя навіны», «БелГазета», «Народная Воля», «Наша Ніва». Там зусім іншы ўзровень журналістыкі. Якая я бываю шчасьлівая, чытаючы гэтыя выданьні! Журналістыка ў Беларусі на высачэзным узроўні, але ж сканцэнтраваная яна толькі ў незалежных СМІ. Там, дзе ёсьць свабода слова. Усё астатняе – гэта мура поўная!
С. Горкі, Віцебская вясна