Як паведамляе маці палітвязьня, Валянціна Аліневіч, ад Ігара Аліневіча сталі прыходзіць лісты. Зь іх стала вядома, што наглядную скаргу палітвязьня ў Вярхоўным судзе не задаволілі.
«Амаль дваццаць дзён ішлі лісты. Вось і 23 ліпеня таксама ліст прыйшоў. У ім Ігар піша, што на наглядную скаргу ў Вярхоўны суд, якую ён раней пісаў, прыйшоў адмоўны адказ. Копію рашэньня на рукі ня выдалі, а з 2013 году, як высьвятляецца, адбіраюць усе кодэксы РБ у асуджаных.
9 ліпеня Ігара зьмясьцілі ў ШЫЗА, зь якой прычыны – ня піша. Таксама сын прачытаў некаторыя артыкулы, у тым ліку пра паляпшэньне умоў у турмах Беларусі (маецца на ўвазе, маніторынгавыя справаздачы ПКАУ «Пляцформа» - заўв. рэд.). Дык нават тыя, што сядзяць даўно, адзначаюць, што ні пра якія паляпшэньні няма і гаворкі, а ўмовы толькі пагаршаюцца і пагаршаюцца.
Апрача таго, зараз увялі чарговую забарону на цэлы шэраг прадуктаў у перадачах: забаранілі бананы, ягады, прыправы, сухафрукты, мёд. Але сына гэта мала хвалюе, таму што ўжо хутка год, як Ігар пазбаўлены перадач і спатканьняў. Гэта сьведчыць пра тое, што ўсё больш і больш становіцца жорсткім да яго стаўленьне», - адзначае Валянціна Аліневіч.
У сваю чаргу юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка зьвяртае ўвагу: «Паводле агульнага правіла, асуджанаму дазваляецца мець пры сабе ня больш за пяць кніг і часопісаў, ня ўлічваючы падручнікаў, неабходных для атрыманьня агульнай сярэдняй, прафэсійна-тэхнічнай адукацыі і праходжаньня прафэсійнай падрыхтоўкі. Літаратура ў колькасьці, якая перавышае 5 кніг і часопісаў, здаецца асуджаным на захоўваньне на склад ці перадаецца сваякам альбо зь яго згоды ў бібліятэку папраўчай установы.
Забарона на захоўваньне юрыдычнай літаратуры, вядома, парушае правы асуджанага, хоць фармальна яе і можна вывесьці зь пералічаных нормаў».
«У адпаведнасьці з Крымінальна-выканаўчым кодэксам, органы і службовыя асобы, якім накіраваныя прапановы, заявы і скаргі асуджаных, павінны разгледзець іх у вызначаныя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь тэрміны і прынятыя рашэньні давесьці да ведама асуджаных праз адміністрацыю устаноў, якiя выконваюць пакараньне, - працягвае П . Сапелка. - Пры гэтым у Правілах унутранага распарадку прадугледжана, што адказы, што паступілі па выніках разгляду прапаноў, заяў і скаргаў, абвяшчаюцца асуджаным пад росьпіс пры іх паступленьні, але не пазьней, чым у трохсуткавы тэрмін.
Інакш кажучы, фармальна адміністрацыі дадзенае права толькі знаёміць зьняволеных са зьместам адказаў на іх звароты. Адзінае, што могуць зрабіць пры гэтым зьняволеныя - патрабаваць дазволу перапісаць гэтыя адказы. Такое становішча парушае правы зьняволеных на абарону, паколькі выкарыстаньне тэкстаў адказаў на скаргі для далейшага ліставаньня і абскарджваньня, вядома, важнае».
spring96.org