У газэце Віцебскага раёну «Жыццё Прыдзвіння» ў нумары за 19 траўня апублікаваны артыкул нейкай Н. Цірусавай пад загалоўкам «...Где гремели бои» («...Дзе грымелі баі»). Актывісты ініцыятывы «Хайсы» ўпэўненыя, што зьяўленьне гэтага матэрыялу – рэакцыя ўладаў раёну на шэраг публікацыяў у незалежных мэдыях, якія набылі вялікі розгалас, пра масавае пахаваньне людзей у лясным маciве.
Актывісты мяркуюць, што пад Хайсамі імі знойдзеныя парэшткі беларускіх грамадзян, рэпрэсаваных ў 1930-е гады сталінскімі катамі. Раней актывісты перасьцерагалі, што ўлада паспрабуе «скіраваць грамадзкую думку ў звыклы для яе ідэалягічны калідор "фашысцкага тэрору"», і цяпер задаюць рытарычнае пытаньне: «Калі ў знойдзеных пахаваньнях парэшткі савецкіх салдат, чаму у юбілейны год Перамогі яны валяюцца па лесе, як дровы?».
Грамадзкія актывісты кажуць, што артыкул сшыты чырвонымі ніткамі. Яны сьцьвярджаюць, што апублікаваны матэрыял мае даволі мазаічны характар, гэтакі набор тэкставых ідэалягічных стэрэатыпаў: з усяго відаць, аўтарка найперш кіравалася ня ўласнымі ўражаньнямі, прапушчанымі праз сэрца і розум, а выконвала пэўную ідэалягічную замову.
Паспрабуем вылучыць асноўныя пасылы, якія Н. Цірусава імкнулася данесьці да чытача. Ёсьць няўлічаныя вайсковыя і цывільныя пахаваньні, на якія час ад часу нехта трапляе. Ёсьць адмысловыя вайсковыя фармаваньні, якія займаюцца пошукам і пахаваньнем знойдзеных парэшткаў. Ёсьць «чорныя капальнікі», якія парушаюць артыкул 19.7 КаАП Рэспублікі Беларусь і могуць за свае дзеяньні атрымаць штраф. Ёсьць улада, якая ў такіх выпадках дзейнічае выключна ў адпаведнасьці з законам. Ёсьць, нарэшце, нейкія безыменныя «жыхары Віцебску», «інтэрнэт-публікацыі» і наогул Сеціва, дзе час ад часу зьяўляецца інфармацыя, якая напружвае ўладу і кампэтэнтныя органы, адцягваючы іх ад спраў надзённых.
Беручы пад увагу аб'ём і сэнсавую насычанасьць матэрыялу, прысьвечанага кожнаму з вышэй абазначаных бакоў, на першы погляд можа падасца, што артыкул скіраваны на спыненьне дзейнасьці «чорных капальнікаў», якія чамусьці, у адрозьненьне ад грамадзкасьці, мясцовай улады і спэцыялізаваных вайсковых фармаваньняў, ведаюць пра няўлічаныя месцы масавых пахаваньняў на тэрыторыі Віцебскага раёну.
Аднак калі быць пры аналізе тэксту больш пільным, то, вядома ж, гэтая скіраванасьць стане другаснай. У першую чаргу аўтарка імкнецца пераканаць знаёмых з сутнасьцю справы грамадзян у тым, што знойдзеныя пахаваньні ніякім чынам ня могуць належаць да даваеннага пэрыяду. З гэтай мэтай падаецца цэлы шэраг меркаваньняў досыць аўтарытэтных у раёне людзей, якія мусяць пераканаць грамадзкасьць, што ў знойдзеных пахаваньнях знаходзяцца альбо савецкія вайскоўцы, альбо ахвяры фашысцкага лягеру, што месьціўся ў вёсцы Лужасна. Але ж рэч у тым, што выказаныя вэрсіі носяць гіпатэтычны характар і ня маюць важкіх пацьвярджэньняў.
У прыватнасьці, што тычыцца інфармацыі, атрыманай ад краязнаўцы М. Півавара, то яна, наогул, выглядае як аўтарская падтасоўка, прыцягнутая за вушы да тэмы незаконных раскопаў, бо тычыцца раёну вёскі Лужасна, але ж аніяк не ляснога масіву за Хайсамі, пра што сама аўтарка і піша : «...масавых пахаваньняў расстраляных людзей у раёне в. Лужасна, дзе ў годы вайны знаходзіўся лягер». Дарэчы, там, у раёне Цёплага лесу, на месцы пахаваньня стаіць крыж, асьвечаны сьвятаром праваслаўнай царквы.
Не вытрымлівае крытыкі і аргумэнтацыя, пабудаваная на словах Л. Цюленевай, якая перадае ўспаміны сваёй маці. Бо калі б аўтарка была пасьлядоўнай, то, абвяргаючы ў адным месцы артыкулу праўдзівасьць сьведчаньняў пяцігадовага дзіцяці пра пахаваных каля Хайсоў рэпрэсаваных грамадзян, не брала б пад увагу і сьведчаньні Л. Цюленевай, якая таксама дзеліцца інфармацыяй, атрыманай з вуснаў старэйшага за сябе чалавека.
Памылковай падаецца і вэрсія вэтэрана Мікалая Іванова. Ён сьцьвярджае, што партызаны і вайскоўцы трымалі абарону на дарозе Віцебск-Гарадок, «паміж вёскамі Хайсы і Лужасна», але ж знойдзеныя пахаваньні знаходзяцца ў другім баку – за некалькі кілямэтраў ад Хайсоў у накірунку Гарадка. Якая патрэба была іх там хаваць? Да таго ж у раскапаных ямінах знойдзеныя фрагмэнты цывільнага абутку, які належаў жанчынам альбо нават падлеткам і быў выраблены раней за 1937-ы год.
Шмат блытаніны і з лініяй фронту, якой у раёне Хайсоў не было, хаця, рыхтуючыся да абароны, немцы і панабудавалі там шматлікія ўмацаваньні. Пра гэта распавядала мясцовая жыхарка Валянціна Шагеева, якая падчас вайны пабывала і ў Лужасьнянскім лягеры, і ў лягеры «Пяты полк». Агучыла яна і той факт, што за ўсю вайну (а яна жыла ў Хайсах аж да самага наступу Чырвонай арміі) ніякага масавага зьнішчэньня мірнага насельніцтва і ваеннапалонных не было. А вось пра даваенныя начныя расстрэлы ў вёсцы казалі ня толькі дарослыя, але і дзеці, якія праз сваю дзіцячую дапытлівасьць ведалі часам больш за сваіх бацькоў.
І, самае галоўнае, пра што Н. Цірусава ня кажа, – у двух узятых на экспэртызу чарапох выразна праглядаецца знаёмы абазнаным людзям почырк НКВД – стрэл у патыліцу. Немцы гэткім чынам людзей не расстрэльвалі.
Наогул жа, у сваім імкненьні зьдзейсьніць падмену аўтарка артыкулу губляе пачуцьцё здаровага сэнсу. У адпаведнасьці з яе лёгікай выходзіць, што семдзесят гадоў ніхто ня ведаў пра пахаваньне вайскоўцаў, якія загінулі не ў 1941-м падчас адступленьня, а пры канцы 1943-га. Цягам дзесяцігодзьдзяў у Віцебскім раёне пра іх ніхто ня прыгадваў, ня кажучы ўжо пра помнік, які мусіў бы быць усталяваным хаця б напярэдадні 70-годзьдзя Перамогі. Бо ляжаць там ня пяць і ня дзесяць чалавек, а куды больш. Парэшткі загінулых ці ахвяраў, калі гэта былі зьняволеныя лягеру, аказаліся непатрэбнымі ні сельскаму савету, ні райвыканкаму, ні БРСМ, ні журналістам, ні грамадзкасьці раёну, і як мінімум з 1986 году (паводле сьведчаньня жыхара Лужасна Сяргея Кудзінава – у той год ягоны брат паведаміў пра знаходку ў сельскі савет) фрагмэнты чалавечых шкілетаў валяліся па лесе. Тады выходзіць, што ўсе гэтыя высокія словы, сказаныя аўтаркай і не толькі ёй пра Перамогу, – хлусьня?
Варта зьвярнуць увагу на адну яскравую акалічнасьць: у тэксьце, надрукаваным у раёнцы, ніводнага разу не ўжываецца слова «рэпрэсаваныя». Дык, мабыць, уся гэтая траскатня, зьвязаная з ахвярамі вайны, неабходная толькі для таго, каб схаваць усялякую памяць пра даваенныя зьверствы савецкай улады?
Віцебская вясна