Павал Левінаў патрабуе знайсьці і пакараць гандляроў сьцяжкамі СССР. Ён даслаў заяву на імя начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму і паведаміў пра факты неаднаразовага зьяўленьня невядомых асобаў зь чырвонымі сьцяжкамі каля гандлёвага цэнтру «Эвіком».
Да заявы Павал Левінаў прыклаў фотаздымкі хлопца і дзяўчыны, якія 20 і 25 сакавіка парушалі грамадзкі парадак – заміналі праходу мінакоў, чапляліся да іх з прапановамі набыць сымболіку былога Савецкага Саюзу, а таксама дэманстравалі свае грамадзка-палітычныя погляды, паказваючы паперку са словамі «Народжаны ў СССР».
На думку праваабаронцы, дзеяньні невядомых падпадаюць пад адміністрацыйны артыкул 23.34 – арганізацыя і правядзеньне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства:
«Хлопец і дзяўчына, якія 20 і 25 сакавіка знаходзіліся на вуліцы Церашковай, каля гандлёвага цэнтру „Эвіком“, яўна выражалі свае грамадзка-палітычныя інтарэсы. Можна сказаць, што гэта было пікетаваньне з выкарыстаньнем сьцягоў, не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку. Больш таго, яны заміналі руху мінакоў. Міліцыя мусіць адрэагаваць адпаведным чынам на гэтае правапарушэньне і пакараць вінаватых – бо караюць жа ў нас за бел-чырвона-белыя сьцягі. Высьветліць асобы пікетоўцаў, я думаю, ня цяжка: я дасылаю начальніку абласнога УУС фотаздымкі з інтэрнэту, а таксама зробленыя мной і маімі сябрамі».
Павал Левінаў падкрэсьлівае, што распаўсюднікі савецкіх сьцяжкоў не хаваюцца, дзейнічаюць адкрыта, зьяўляюцца каля рынку «Эвіком» часта і нават фатаграфавацца не бянтэжацца. Толькі не размаўляюць – паказваюць на мігах, што глуханямыя.
Праваабаронца просіць, каб начальнік абласной міліцэйскай управы ўзяў гэтую справу пад уласны кантроль і накіраваў яе для разбору сваім падначаленым – у Кастрычніцкі райаддзел міліцыі:
«Няхай разьбіраюцца, бо закон павінен працаваць аднолькава ў дачыненьні да кожнага грамадзяніна. Вызначыць асобы прыхільнікаў СССР і адпаведнай сымболікі ня цяжка: змог жа начальнік аддзелу аховы правапарадку Чыгуначнага РАУС маёр Аляксандар Рыбакоў вызначыць удзельнікаў знакамітай фотасэсіі з птушкамі і клеткамі. Журналістаў і актывістаў вызначылі таксама па фотаздымках у інтэрнэце, і маёр Рыбакоў склаў на кожнага пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Хоць у іх нават сьцягоў не было, толькі папяровыя клеткі ды птушкі-арыгамі – і то міліцыя, а потым і суд вырашылі, што мы дэманстравалі грамадзка-палітычныя інтарэсы... Вось людзі з савецкай сымболікай пэўна гэта робяць!»
Спадар Левінаў просіць праінфармаваць яго пра ход расьсьледаваньня гэтай справы. Тым больш што распаўсюд савецкіх сьцяжкоў абурае месьцічаў. Гэтаксама як і навязьлівасьць распаўсюднікаў: хлопец і дзяўчына падпільноўваюць мінакоў, торкаюць у рукі сьцяжок, а потым паказваюць паперку, дзе напісаны кошт – 20 тысяч рублёў. Амаль ніхто не купляе – усе аддаюць сьцяжкі назад, даведаўшыся, што гэта не падарунак.
Пра распаўсюд сьцягоў СССР на вуліцах паведамляюць жыхары шмат якіх гарадоў Беларусі. Вось што пішуць чытачы сайту Хартыя'97 зь Віцебску:
«Я спрабаваў таксама сфатаграфаваць дзяўчыну ў пятніцу каля «Эвікому», але, убачыўшы мабільнік, яна стала ўцякаць», – распавядае чытач.
Віталь, другі чытач, паведаміў пра канфлікт 29 сакавіка:
«У Віцебску аднаму распаўсюдніку віцяблянін выбіў два зубы. Здарылася гэта на скрыжаваньні Фрунзэ і Леніна. Спачатку распаўсюднік прапанаваў сьцяжок СССР, потым РФ. Тут малады мужчына ня вытрымаў і ўдарыў. Загарэлася зялёнае сьвятло, і ён паехаў, а распаўсюднік стаў крычаць. Вось вам і "глуханямыя"».
Паводле spring96.org і charter97