Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ Маскоўскага патрыярхату) заклікаў народы Беларусі, Расеі і Ўкраіны імкнуцца да "духоўнай еднасьці". Пра гэта мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павал заявіў у сваім сёлетнім калядным пасланьні.
"Усе мы - беларусы, расейцы і ўкраінцы - павінны ўсьведамляць сваю адказнасьць за захаваньне ўнікальнай цывілізацыйнай прасторы, якая называецца - Сьвятая Русь. І ў той самы час гэта зусім не азначае адмену ідэі дзяржаўнага сувэрэнітэту трох славянскіх краін", - сказаў кіраўнік БПЦ у калядным пасланьні.
Патрыяршы Экзарх адзначыў, што імкненьне да міру, згоды і адзінства - маральная патрэба чалавека ва ўсе часы. Ён таксама падкрэсьліў, што праваслаўе і сёньня "застаецца асновай нацыянальнага самавызначэньня пераважнай большасьці насельніцтва трох славянскіх краін - Беларусі, Расеі і Ўкраіны, якая перажывае цяпер трагедыю грамадзянскай вайны".
"Ва ўмовах палітычнай дэзінтэграцыі Царква для народаў, што яе складаюць, застаецца змацавальным саюзам. Для праваслаўнага чалавека - гэта адзіная духоўная прастора, якая мае агульны для гэтай часткі Эўропы культурна-цывілізацыйны код", - сказаў прадстаяцель БПЦ.
"Расея, Украіна, Беларусь - гэта і ёсьць Сьвятая Русь", - падкрэсьліў мітрапаліт Павал.
Ён пажадаў усім праваслаўным "нявычэрпнай дабрадатнай дапамогі Божай у далейшых працах у славу сьвятой праваслаўнай Царквы, у славу Айчыны нашай, на карысьць і росквіт зямлі, на якой мы з вамі жывём, на карысьць усім нашым блізкім і далёкім".
belaruspartisan.org