«24 студзеня нечакана, без усялякіх прычынаў мяне выклікалі на камісію і паведамілі, што накіруюць справу ў суд на зьмяшчэньне мяне на тры гады ў турму. Напэўна, гэта будзе Гародня, таму адрас можа зьмяніцца», – пасьля двухмесячнага маўчаньня паведаміў віцебскім праваабаронцам палітвязень Міхаіл Жамчужны.
Суд наконт зьмяшчэньня Міхаіла Ігаравіча ў турму павінен прайсьці ў Барысаве. Да маючага адбыцца суду палітвязень зацята рыхтуецца – хоча «даць бой» усёй сыстэме адбыцьця пакараньня. Ён расцэньвае імкненьне зрабіць больш жорсткім пакараньне як капітуляцыю адміністрацыі папраўчай установы №14: «Гэта чарговая спроба мяне маральна зламаць і “закрыць яму рот”», – піша нязломны палітвязень Жамчужны.
Вязень сумленьня зь Віцебску паведаміў на волю, што вядзе актыўнае ліставаньне з былым судзьдзём Канстытуцыйнага суду доктарам юрыдычных навук, прафэсарам Міхаілам Пастуховым, супрацоўнікамі праваабарончага цэнтру «Вясна», былым кіраўніком праваабарончай арганізацыі «Пляцформа», а цяпер зьняволеным ПК №15 (г. Магілёў) Андрэем Бандарэнкам.
Жамчужны таксама знаходзіць час, каб ня толькі чытаць пэрыядычную прэсу, але і спрабуе быць карэспандэнтам. Надоечы ён напісаў чарговы артыкул у газэту «Народная воля», у якім ставіць перад беларускім грамадзтвам пытаньні пра палітычны перасьлед апанэнтаў улады ў сучаснай Беларусі і пра тое, якім чынам будуць расьсьледавацца «злачынствы рэжыму».
Традыцыйна пры канцы ліста Міхаіл Жамчужны паведамляе пра сваё здароўе, якое яго «пакуль не падводзіць», і пра побыт і ўмовы ўтрыманьня ў ПКТ. Таксама ён дзякуе ўсім, хто яго падтрымлівае і турбуецца пра яго лёс.
Лявон Яфрэменка