Сакратарыят Канстытуцыйнага суду не прыняў да разгляду скаргу рабочых на пункт калектыўнай дамовы полацкага заводу «Шкловалакно», які, на думку скаржнікаў, супярэчыць Канстытуцыі краіны. У адказе, падпісаным начальнікам Сакратарыяту суду Аляксандрам Караваем, сказана, што калектыўная дамова прадпрыемства не належыць да прававых актаў, якія разглядае Канстытуцыйны суд.
Нагадаем, рабочыя ААТ «Полацак-Шкловалакно» накіравалі скаргу ў Канстытуцыйны суд Беларусі наконт дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце ў завадзкой калектыўнай дамове. Дыскрымінацыя заключаецца ў тым, што рабочых зь Белхімпрафсаюзу дырэктар можа звольніць толькі са згоды гэтага прафсаюзу, а для звальненьня працоўных са Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) дастаткова толькі папярэдняга апавяшчэньня Рады пяршоўкі СПБ.
Такі дыскрымінацыйны пункт калектыўнай дамовы ўведзены з 1 студзеня 2013 году з ініцыятывы дырэктара ААТ «Полацак-Шкловалакно» Мікалая Качаноўскага пры маўклівай згодзе рабочых зь Белхімпрафсаюзу, якія складаюць больш за палову колькасці работнікаў прадпрыемства. З дапамогай такой маніпуляцыі запалоханымі работнікамі дырэктару «Шкловалакна» ўдалося (на думку СПБ – з парушэньнем канстытуцыі і міжнародных забавязаньняў краіны) звольніць з заводу старшыню пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу.
Начальнік Сакратарыяту Канстытуцыйнага суду Беларусі Аляксандар Каравай накіраваў пісьмовы адказ рабочым полацкага заводу «Шкловалакно» на імя старшыні Свабоднага прафсаюзу заводу Віктара Стукава. Апроч інфармацыі пра немагчымасьць разгляду скаргі, начальнік Сакратарыяту растлумачыў рабочым аб іх праве ўступіць у калектыўную працоўную спрэчку з дырэктарам наконт пытаньня зьмены дыскрымінацыйнага палажэньня ў калдамове.