Буйны маршрутны перавозчык “Полацкі экспрэс” спыніў працу. З 1 кастрычніка кампанія адмяніла паездкі паміж Полацкам і Менскам.
На сайце “Полацкага экспрэса” паведамляецца, што перавозчык спыняе працу часова. Калі адновяцца паездкі ў сталіцу і назад, не гаворыцца.
Галоўнай прычынай крызісу кампанія называе прапанаваныя ўмовы супрацоўніцтва зь “Менскаблпасажыртрансам”.
“Многія пункты дамовы ня толькі ўшчамляюць інтарэсы нашага прадпрыемства, але і маюць кабальныя прыкметы, выяўленыя ва ўключэньні ў дамову пунктаў, якія супярэчаць існуючаму заканадаўству, спагнаньні аплаты за паслугі, якія павінен аплачваць заказчык, уключэньне пунктаў, якія ўшчамляюць канстытуцыйныя правы, а менавіта пазбаўленьне магчымасьці адстойваць свае правы па гэтай дамове ў судовым парадку”, — гаворыцца ў заяве перавозчыка.
У другой палове верасьня “Полацкі экспрэс” накіраваў апэратару пратакол рознагалосьсяў, але адказу ад “Менскаблпасажыртранса” не атрымаў.
Праблемы ў “Полацкага экспрэса” пачаліся некалькі тыдняў таму. У канцы верасьня перавозчык паведаміў, што прыпыніў браніраваньне квіткоў на кастрычнік.
euroradio.by