У Рэспубліцы Беларусь распрацоўваецца праект дэкрэту прэзыдэнта, які прадугледжвае абмежаваньне месцаў продажу электронных парагенэратараў (электронных цыгарэтаў) і вадкасьцяў да іх, а таксама забарону іх продажу асобам, якія не дасягнулі 18 гадоў. Такі адказ атрымаў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік зь Міністэрства гандлю, куды зьвярнуўся з адпаведнай прапановай.
У сваім звароце Леанід Сьвецік адзначыў, што дзейныя нарматыўныя прававыя акты, якія рэглямэнтуюць правядзеньне антытунёвай работы ў Рэспубліцы Беларусь, ня ў поўнай меры адпавядаюць сучасным рэаліям. Заканадаўча забаронена прадаваць непаўналетнім тытунёвую прадукцыю. Аднак забарона ня тычыцца так званых электронных парагенэратараў (электронных цыгарэтаў) і нікатыназьмяшчальных вадкасьцяў, бо яны не ўтрымліваюць тытуню і, адпаведна, да тытунёвай прадукцыі не належаць.
Атрымліваецца, што непаўналетнія асобы могуць свабодна купляць і выкарыстоўваць электронныя цыгарэты, расходныя матэрыялы і рэчывы да іх. Між тым вадкасьці з утрыманьнем нікатыну атрутныя, бо маюць высокую канцэнтрацыю гэтага рэчыва.
Леанід Сьвецік прапанаваў Міністэрству гандлю выступіць з ініцыятывай унясеньня зьменаў у дзейнае заканадаўства, якія б абмежавалі продажы электронных парагенэратараў і вадкага нікатыну для іх запраўкі асобам, што не дасягнулі 18-гадовага ўзросту.
У адказе Міністэрства гандлю паведаміла, што ўжо рыхтуецца праект дэкрэту прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, які дазволіць абмежаваць месцы продажу згаданай прадукцыі і забараніць яе продаж непаўналетнім асобам.
Кацярына Загорская