Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына не адгукнулася на прапанову апазыцыянэраў і ня стала зьвяртацца да кіраўніцтва адміністрацыі прэзыдэнта і ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Цяпер віцебскія сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ шукаюць кантактаў з назіральнікамі і зьбіраюцца заклікаць выбарцаў байкатаваць «псэўдавыбары».
Актывісты КХП-БНФ прасілі спадарыню Ярмошыну зьвярнуць увагу названых органаў улады на недапушчальнасьць абмежаваньня правоў сяброў апазыцыйных партыйных арганізацыяў у палітычнай кампаніі па выбарах прэзыдэнта краіны і спыніць усялякія дыскрымінацыйныя дзеяньні з боку ўсіх структур «прэзыдэнцкай уладнай вэртыкалі» ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў існуючага палітычнага рэжыму.
Нагодай для звароту ў ЦВК сталі чарговыя забароны пікетаў віцебскімі чыноўнікамі. У адпаведнасьці з Законам «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» 16 ліпеня і 10 жніўня група актывістаў партыі зьвярнулася з заявамі ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску. У заявах партыйныя актывісты прасілі даць дазвол на правядзеньне пікетаў, зьвязаных з выбарамі, што праводзяцца ў краіне. Аднак намесьніца старшыні раённай адміністрацыі Натальля Ляпёшкіна правядзеньне гэтых публічных мерапрыемстваў забараніла.
На думку палітычных актывістаў, Ляпёшкіна парушыла іх права на свабоду выказваньня меркаваньня і права ўдзельнічаць у дзяржаўных справах, такіх як выбары. Больш таго, апазыцыйныя палітыкі ўпэўненыя, што чыноўніца наўмысна дыскрымінавала іх па прыкмеце прыналежнасьці да апазыцыйнай партыйнай арганізацыі.
Для большай пераканаўчасьці партыйцы паведамілі заслужанаму юрысту краіны спадарыні Ярмошынай, што мясцовыя ўлады парушылі ня толькі іх канстытуцыйныя правы, але і шэраг артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох. Аднак уся іх аргумэнтацыя не прывяла да станоўчага выніку. Хаця ж старшыню ЦВК нічога б не каштавала адрэагаваць на просьбу грамадзян і выбаршчыкаў і зьвярнуцца да найвышэйшага кіраўніцтва выканаўчых органаў улады з прапановай аб уважлівым разглядзе вэртыкальлю выканаўчай улады заяў грамадзян, якія хочуць ладзіць масавыя мерапрыемствы, нават калі гэтыя грамадзяне зьяўляюцца апазыцыйнымі палітыкамі.
Мабыць, старшыня ЦВК адмовілася выканаць просьбу віцебскіх апазыцыянэраў з прычыны таго, што яны хацелі выказаць публічную крытыку існага палітычнага рэжыму і яго стваральніка і натхняльніка, кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі?
Актывісты КХП-БНФ абураныя дыскрымінацыйнай пазыцыяй беларускага ЦВК і яго кіраўніка. Яны зьбянтэжаныя тым, што, неаднаразова выказваючы сваё жаданьне аб прызнаньні выбараў кіраўніка дзяржавы міжнароднай супольнасьцю, Лідзія Міхайлаўна нічога істотнага не прымае для таго, каб ейнае жаданьне ўвасобілася ў жыцьцё.
Апазыцыянеры кажуць, што паколькі выказаць сваё меркаваньне аб выбарах празь пікеты цынічна забаронена ўладамі, то цяпер яны вымушаныя шукаць кантактаў з нацыянальнымі і міжнароднымі назіральнікамі, акрэдытаванымі ў Віцебску. Яны хочуць заявіць ім пра тое, што цяперашняя выбарчая кампанія носіць несправядлівы і дыскрымінацыйны характар. Іх думка, якую яны хочуць данесьці назіральнікам: калі падчас агітацыйнай кампаніі немагчыма крытыкаваць публічна таго ці іншага кандыдата, выбары нельга прызнаваць адкрытымі, сумленнымі і свабоднымі, адпаведнымі эўрапейскім стандартам.
У такой сытуацыі актывісты КХП-БНФ ўзялі на сябе забавязаньне: усімі магчымымі спосабамі даносіць да выбарцаў ідэю татальнага байкоту мерапрыемства, якое яны называюць «псэўдавыбарамі».
Віцебская вясна