Актывіст БХД Андрэй Гайдукоў атрымаў адказ з Канстытуцыйнага суду на свой зварот наконт пытаньня супярэчнасьці рашэньня Наваполацкага гарвыканкаму ў правядзеньні масавых мерапрыемстваў Канстытуцыі і міжнародным дамовам.
У звароце актывіст паведамляў, што Наваполацкі гарвыканкам не ўхваліў яго заяўку на правядзеньне пікету ў падтрымку палітвязьняў у Беларусі па фармальных падставах: адсутнасьці аплаты за паслугі аховы грамадзкага парадку.
“Рашэньнем Наваполацкага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 9 верасьня 2011 году №858 “Аб унясеньні зьменаў і дадаткаў у рашэньне Наваполацкага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 10 сьнежня 1998 г. №942” вызначана, што “аплата выдаткаў, зьвязаных з аховай грамадзкага парадку, мэдычным абслугоўваньнем, прыборкай тэрыторыі пасьля правядзеньня на ёй масавага мерапрыемства, выконваецца арганізатарам (арганізатарамі) масавых мерапрыемстваў аддзелу ўнутраных спраў гарвыканкаму, установе аховы здароўя “Наваполацкая цэнтральная гарадзкая больніца”, Наваполацкаму камунальнаму прадпрыемству жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ў адпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам і копіі дакумэнтаў аб аказаньні названых паслуг накіроўваюцца арганізатарам (арганізатарамі) масавых мерапрыемстваў у гарвыканкам адначасова з заявай аб правядзеньні масавага мерапрыемства”, - цытуе рашэньне Андрэй Гайдукоў.
Аднак, спасылаючыся на міжнародныя пагадненьні, падпісаныя Беларусьсю, Андрэй Гайдукоў зьвяртае ўвагу Канстытуцыйнага суду, што парадак аплаты накладае абмежаваньні на права мірных сходаў і робіць яго залежным ад фінансавага стану заяўніка, што зьяўляецца простай супярэчнасьцю зь дзейным міжнародным і нацыянальным заканадаўствам. Апроч таго, прааналізаваўшы міжнародныя нормы і нацыянальнае заканадаўства, заяўнік зрабіў выснову, што дадзенае артыкулам 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права абмяжоўваецца нацыянальным заканадаўствам, а менавіта артыкулам 5 Закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, і яшчэ больш звужаецца рашэньнямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Актывіст прасіў Канстытуцыйны суд даць ацэнку адпаведнасьці артыкулу 5 Закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, рашэньня Наваполацкага выканаўчага камітэту “Аб вызначэньні пастаяннага месца для правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаваньня” і рашэньня Наваполацкага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 10.07.2015 г. аб адмове ў правядзеньне пікету міжнародным нормам і вынесьці рашэньне аб ліквідацыі супярэчнасьцяў у заканадаўстве.
У сваю чаргу Канстытуцыйны суд разглядаць зварот па сутнасьці ня стаў, а толькі ў чарговы раз спаслаўся на ўскосны доступ фізычных і юрыдычных асоб да канстытуцыйнага правасудзьдзя. І рэкамэндаваў зьвярнуцца “зь ініцыятывай аб унясеньні прапаноў, разгляд якіх падведамасны Канстытуцыйнаму суду, да органаў, якія валодаюць правам унясеньня такіх прапаноў” ды вярнуў прыкладзеныя да звароту матэрыялы.
Не задаволіўшыся адказам Канстытуцыйнага суду, актывіст Андрэй Гайдукоў ужо зьвярнуўся ў гарадзкі савет дэпутатаў Наваполацку з просьбай скасаваць рашэньне Наваполацкага гарадзкога выканаўчага камітэту № 858 “Аб унясеньні зьмяненьняў і дадаткаў у рашэньне Наваполацкага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 10.02.1998 г. №942” ад 09.09.2011 г., як не адпаведнае Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, які зьяўляецца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства і падлягае непасрэднаму прымяненьню.
Юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Наста Лойка адзначае:
- Праблема адвольных працэдурных абмежаваньняў права на свабоду мірных сходаў у Беларусі носіць сыстэмны характар. Прычым абмежаваньні зыходзяць як з закону аб масавых мерапрыемствах, так і з рашэньняў мясцовых выканкамаў, якія яшчэ больш звужаюць фундамэнтальнае права на сходы.
Напрыклад, Наваполацкі гарвыканкам сваім рашэньнем ад 1998 году распрацаваў абсалютна немагчымую працэдуру папярэдняй аплаты за масавае мерапрыемства сэрвісным службам, бо падставаў для заключэньня неабходных дамоваў няма без дазволу выканкаму. Атрымліваецца замкнёнае кола, якое выключае любую магчымасьць рэалізацыі свайго права. Да таго ж, названае рашэньне 1998 году адсутнічае ў свабодным доступе, таму грамадзяне проста ня могуць ведаць такіх нюансаў пры падачы заявы на пікет.
Па выніках спробаў звароту у Канстытуцыйны суд бачная агульная пазыцыя дзяржавы па гэтым пытаньні: ім ня хочацца нават разважаць на гэтую тэму. У той самы час ужо прыкладна ў 40 меркаваньнях Камітэту па правох чалавека ААН пацьвердзіліся факты наўмыснай дэвальвацыі з боку ўладаў права на мірныя сходы, у першую чаргу праз заканадаўчую працэдуру ў Беларусі і практыку яе рэалізацыі. Але пра гэтую праблему важна актыўна і пасьлядоўна выказвацца і выкарыстоўваць новыя спосабы адстойваньня права на мірныя сходы, гарантаванага міжнароднымі забавязаньнямі ў галіне правоў чалавека з боку Беларусі. Таму будзем чакаць рэакцыі мясцовага савета дэпутатаў - на чый бок яны стануць?
spring96.org