Віцебскі лекар Ігар Пастноў прасіў Лідзію Ярмошыну разабрацца наконт нібыта выкарыстаньня мясцовымі ўладамі адміністрацыйнага рэсурсу на карысьць прэтэндэнта ў кандыдаты Аляксандра Лукашэнкі. Адказ старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах уразіў яго сваёй ляканічнасьцю.
Ігар Пастноў даслаў Ярмошынай ліст напярэдадні афіцыйнага абвяшчэньня даты выбараў. Ён заявіў пра нібыта грубае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу і запалохваньне чальцоў ягонай каманды з боку мясцовых уладаў – некалькімі месяцамі раней ён даў папярэднюю згоду ўзначаліць ініцыятыўную групу па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты віцебскага палітыка Сяргея Рыжова, які неўзабаве пасьля гэтага быў абвінавачаны ў зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства і цяпер адбывае пакараньне ў калёніі.
На думку Пастнова, Аляксандар Лукашэнка, які прызначае і ўзначальвае ўлады, сваімі дзеяньнямі ліквідуе магчымых канкурэнтаў на выбарах, а гэта ёсьць нічым іншым, як грубым парушэньнем канстытуцыйных свабодаў і Выбарчага кодэксу. У сувязі з гэтым, мяркуе Пастноў, Аляксандар Лукашэнка ня можа балятавацца на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
Адказ на свой ліст Ігар Пастноў атрымаў за подпісам старшыні ЦВК, якая назвала яго зварот «беспадстаўным»: «У Вашым звароце адсутнічаюць сьведчаньні, якія маглі б паслужыць падставай для адказу ў рэгістрацыі кандыдатам у Прэзыдэнты РБ А. Р. Лукашэнку», – паведаміла заяўніку Лідзія Ярмошына.
Ігар Пастноў лічыць адказ старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах адпіскай: «Адказ Ярмошынай уражвае сваёй ляканічнасьцю. Ніякіх спасылак на закон, голая канстатацыя: вы, маўляў, ня маеце рацыі, і ўсё тут. Гэткае стаўленьне можа сьведчыць толькі пра тое, што нас усіх трымаюць за недасьведчаных дэбілаў».
Віцебская вясна