Ліст з адмовай абавязаць цэнтральную гарадзкую паліклініку выконваць рашэньне выканкаму, кіраўніцтва якой адмаўляецца заключаць дамовы на абслугоўваньне акцыяў, атрымаў абласны каардынатар руху "За свабоду" Хрыстафор Жаляпаў.
Зьвяртаючыся ў Вярхоўны суд, спадар Жаляпаў чарговы раз спрабаваў вырашыць набалелую віцебскую праблему: раённыя адміністрацыі на працягу ўжо амаль пяці гадоў забараняюць праводзіць любыя акцыі з ініцыятывы мясцовых актывістаў. Спасылаюцца чыноўнікі на рашэньне Віцебскага гарвыканкаму, якое рэглямэнтуе парадак зваротаў па дазвол. Паводле гэтага рашэньня, разам з заяўкай ініцыятары мусяць падаваць дамовы на абслугоўваньне акцыяў супрацоўнікамі ЖКГ, цэнтральнай гарадзкой паліклінікай і міліцыяй. Аднак цэнтральная паліклініка заключыць такую дамову не пагадзілася ні разу, што і станавілася падставай для неаднаразовых забаронаў.
Летась віцебскія актывісты зьвярнуліся ў Кастрычніцкі райсуд, каб такім чынам змусіць кіраўніцтва паліклінікі выконваць прапісаны ў рашэньні гарвыканкаму парадак. Але 15 сакавіка 2013 году суд адмовіўся прыняць рашэньне на карысьць Хрыстафора Жаляпава. Паводле рашэньня суду, змусіць адміністрацыю аховы здароўя да заключэньня дамовы на абслугоўваньне акцыі немагчыма: маўляў, гэтая структура вольная вырашаць, ці хоча яна заключыць дамову, або не. І парадак, прадугледжаны рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму №881 "Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску", такім чынам, абавязковы толькі для заяўнікаў: гэта яны мусяць заключаць дамовы на абслугоўваньне акцыяў. А другі бок, паводле суду, не абавязаны на гэта пагаджацца.
Аспрэчыць рашэньне Кастрычніцкага райсуду не ўдалося ў абласным судзе. А цяпер права на правядзеньне мірных сходаў і публічнае выказваньне не падтрымаў і Вярхоўны суд.
Каардынатар руху "За свабоду" па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў падкрэсьлівае, што магчымасьць парушэньня правоў мясцовых жыхароў закладзенае ў самім дакумэнце – тым самым рашэньні гарвыканкаму, якое зьяўляецца невыканальным:
"Выканаць патрабаваньне пра дамовы немагчыма. Супрацоўнічаць з намі пагаджаецца толькі прадпрыемства ЖКГ. Што да цэнтральнай гарадзкой паліклінікі, то яны ня проста адмаўляюцца, а прыдумляюць нейкія сумнеўныя прычыны. Прыкладам, напярэдадні акцыяў да Дня Волі, пасьля забароны якіх мы і зьвярнуліся ў суд, узьнікла імавернасьць успышкі сэзонных захворваньняў. Так нам адказалі з паліклінікі – заявілі, што ў іх чакаецца шмат працы менавіта 25 сакавіка. А ў лісьце зь Вярхоўнага суду дадаецца і яшчэ адно тлумачэньне. Аказваецца, усім вядома, што ў пералік платных паслуг, якія мэдычная ўстанова можа аказваць насельніцтву, абслугоўваньне масавых мерапрыемстваў не ўваходзіць. Дык чаго ж Віцебскі гарвыканкам накіроўвае грамадзян заключаць дамовы, якія супярэчаць заканадаўству – Закону Рэспублікі Беларусь "Аб ахове здароўя"? Там сказана пра платныя паслугі, але ж такой, якую змушаюць замовіць нас, у прыродзе не існуе!"
Віцебскія актывісты неаднаразова патрабавалі, каб невыканальнае рашэньне гарвыканкаму было зьмененае. Але заўжды атрымлівалі адмову – са спасылкай на тое, што рашэньне №881 "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску" прайшло юрыдычную экспэртызу, і , адпаведна, зьяўляецца бездакорным з пункту гледжаньня заканадаўства.
На ўзор гэтага рашэньня мясцовыя адміністрацыі ў рэгіёнах Віцебшчыны склалі свае, і цяпер ва ўсёй Віцебскай вобласьці правядзеньне масавых акцыяў з ініцыятывы грамадзян зрабілася немагчымым.
Праваабарончы цэнтар "Вясна"