1 ліпеня моладзь мусіць распачаць будаўнічыя работы, паведамляе БелТА. На ўзьвядзеньні АЭС, якая аб'яўленая Ўсебеларускай моладзевай будоўляй, Віцебскую вобласьць прадставяць студэнцкія атрады Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту (10 чалавек) і Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (13 чалавек).
21 чэрвеня на радзіме Васіля Быкава адбылося ўручэньне традыцыйнай прэміі «За свабоду думкі». Гэтым разам яе атрымаў бард Віктар Шалкевіч. Імпрэза прайшла ў вёсцы Бычкі, што на Віцебшчыне, і сабрала больш за 200 чалавек.
У студзені-траўні 2014 году будаўнікі Віцебшчыны ўвялі ў эксплёатацыю каля 119 тысяч квадратных мэтраў жытла, чым і забясьпечылі вобласьці апошняе месца па краіне.
На пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары, якія адбыліся 25 траўня ва Ўкраіне, прыехалі больш за 3 тысячы міжнародных назіральнікаў. Сярод іх былі і беларусы. За тым, як ажыцьцяўляецца волевыяўленьне ўкраінскага народу, назіралі некалькі дзесяткаў актывістаў зь Беларусі. Адным зь іх быў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік, які распавёў «Дыялёгу» пра свае ўражаньні ад знаходжаньня ва Ўкраіне.
Віцебшчыну наведала амбасадар добрай волі дабрачыннай арганізацыі «Вугорская міжцаркоўная дапамога», жонка прэм'ер-міністра Вугоршчыны Аніко Леваі. Візыт спадарыні Аніко Леваі доўжыўся два дні. У дэлегацыю таксама ўваходзілі прэзыдэнт-дырэктар «Вугорскай міжцаркоўнай дапамогі» Ласло Лехель, Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Вугоршчыны ў Беларусі Вілмаш Сіклавары, іншыя прадстаўнікі дыпмісіі і дабрачыннай арганізацыі.
Паводле стану на 1 красавіка 2014 году колькасьць насельніцтва Віцебскай вобласьці склала 1 млн. 201,0 тысячу чалавек. За тры месяцы колькасьць жыхароў Віцебшчыны зьменшылася на 1100 чалавек. Па выніках трох месяцаў бягучага году Віцебшчына працягвае ўтрымліваць сумнае лідэрства: вобласьць займае першае месца па каэфіцыенце сьмяротнасьці і дэманструе самы нізкі ў краіне каэфіцыент нараджальнасьці.
Налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Віцебскай вобласьці ў першым вясновым месяцы склала 5 035 622 і за месяц вырасла на 312 282 рублёў. Два ранейшыя месяцы заробкі работнікаў вобласьці памяншаліся: у студзені - на 419 549 рублёў, у лютым - на 25 572 рублёў. Сакавіцкі прырост ня змог кампэнсаваць падзеньне заработнай платы на пачатку года - сьнежаньскі ўзровень у 5 168 461 рубель пакуль яшчэ не дасягнуты.
Актывіст Партыі БНФ Кастусь Смолікаў напісаў у аблвыканкам электронны зварот: прапанаваў, каб на інтэрнэт-сайце аблвыканкаму была беларускамоўная вэрсія. Адказ ад ідэалягічнага аддзелу быў кароткі: сайт быў і будзе толькі на расейскай мове. Бо гэта не супярэчыць заканадаўству. А інтарэсы грамадзян ніхто ўлічваць не зьбіраецца.
«Імавернасьць выхаду на адзінага кандыдата ёсьць, яна досыць высокая. Падзеі ва Ўкраіне, агрэсія з боку Расеі паказалі, наколькі ўсё сур'ёзна, што мы можам страціць краіну, калі ня будзем рэалізоўваць моцныя сцэнары», - заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», былы палітвязень Павал Севярынец.