Актывіст Партыі БНФ Кастусь Смолікаў напісаў у аблвыканкам электронны зварот: прапанаваў, каб на інтэрнэт-сайце аблвыканкаму была беларускамоўная вэрсія. Адказ ад ідэалягічнага аддзелу быў кароткі: сайт быў і будзе толькі на расейскай мове. Бо гэта не супярэчыць заканадаўству. А інтарэсы грамадзян ніхто ўлічваць не зьбіраецца.
Паводле Кастуся Смолікава, грамадзяне маюць права на тое, каб карыстацца той мовай, якая ім бліжэй, а таксама маюць права на тое, каб для гэтага былі створаныя адпаведныя ўмовы:
"Сайт Віцебскага аблвыканкаму – агульнадаступны інтэрнэт-рэсурс. Ён створаны так, каб грамадзяне маглі скарыстацца пэўнымі тэхнічнымі магчымасьцямі, прыкладам, маглі накіраваць уладам электронны зварот. Дык чаму б не зрабіць беларускамоўную вэрсію сайту? У нас шмат людзей, якія ў дастатковай ступені валодаюць роднай мовай, і нямала тых, хто імкнецца стварыць вакол сябе беларускамоўны асяродак. Дык чаму б не дапамагчы ў гэтым? Тым болей, што беларуская і расейская мова юрыдычна маюць у нашай дзяржаве роўны статус. Таму я лічу дыскрымінацыйным падыход, які мне патлумачылі ў лісьце з аблвыканкаму".
У гэтым лісьце, падпісаным намесьнікам начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі П. У. Гнуценкам, гаворыцца: "згодна з падпунктам 1.3 пункту 1 Указу Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2010 году №60 "Аб мерах удасканаленьня нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт" сайты дзяржаўных органаў і арганізацыяў фармуюцца на рускай і (або) беларускай мовах, а пры неабходнасьці – на адной ці некалькіх замежных мовах. Такім чынам, выкарыстаньне рускай мовы… не супярэчыць дзеючаму заканадаўству".
Сайт Віцебскага аблвыканкаму мае толькі 2 вэрсіі – расейскую і ангельскую, прычым на старонцы па-ангельску працуюць ня ўсе спасылкі. Што да старонак аблвыканкамаў у іншых рэгіёнах, то беларускамоўную вэрсію мае толькі сайт Гарадзенскага аблвыканкаму.
Праваабарончы цэнтар "Вясна"