Гэта выявіў маніторынг, праведзены Камітэтам дзяржкантролю Віцебскай вобласьці. Усяго ў рэгіёне больш за сотню інвэстпраектаў. Іх пасьпяховае ўвасабленьне ў жыцьцё - гэта новыя вытворчасьці, працоўныя месцы, павелічэньне падатковых паступленьняў у бюджэт. Але 32 зь іх ня ўкладваюцца ў намечаныя тэрміны, а 14 і зусім не прасунуліся далей за падпісаньне дамоваў пра намеры.
Чаму? Вось адзін з прыкладаў. Сялянска-фэрмэрская гаспадарка "ЭкаРай" на возеры Палонскае ў Віцебскім раёне зьбіралася пабудаваць спартыўна-турыстычны комплекс. У яго планавалася ўкласьці больш за 2,5 мільёны даляраў. Да канца 2012-га на возеры павінны былі зьявіцца уладкаваны пляж, паркінг, гатэль, кавярня, домікі адпачынку. Потым тэрміны перанесьлі на 2014-ы. Але калі пры канцы мінулага году, распавядае намесьнік начальніка ўпраўленьня Камітэту дзяржкантролю Віцебскай вобласьці Вадзім Валовіч, ягоныя калегі праінспэктавалі турыстычны аб'ект, які плянавалі ўзьвесьці на Палонскім, пабудоў там ня ўбачылі:
- Возера знаходзіцца недалёка ад Віцебску. Там можна цудоўна адпачыць. У комплексе меркавалася арганізаваць 15 працоўных месцаў. Але з 2010-га, калі была падпісаная дамова, інвэстар на беразе хіба што пясок разраўняў. Больш за 20 гектараў зямлі, у тым ліку сельгасугодзьдзі сельгаспрадпрыемства "Вароны", нікім не выкарыстоўваюцца, зарасьлі травою.
Для інвэстара, як вядома, прадугледжаныя льготы і прэфэрэнцыі. Зямлю ён атрымлівае без аўкцыёну. То бок за права яе прадастаўленьня грошай ня плаціць. Ад выплаты падатку на дадазеную вартасьць пры ўвозе абсталяваньня для ўладкаваньня аб'екту ён таксама вызваляецца. Аднак гэтыя перавагі, на думку Васіля Варзова, кіраўніка сялянска-фэрмэрскай гаспадаркі "ЭкаРай", праблему прыцягненьня інвэстыцыяў у краіну да канца не вырашаюць:
- Калі на Палонскім мы сталі разьмяшчаць папераджальныя знакі пра тое, што распачнуцца будаўнічыя працы, пачалі ставіць шлягбаўмы, мясцовыя жыхары нечакана спалохаліся. Маўляў, яны ў возеры купацца ня змогуць, ім рыбу там лавіць забароняць... Усю агароджу выкарчавалі зь "мясам"! Скаргі пісаць пачалі. Юрысты расейскага партнэра вывучылі сытуацыю і ад праекту адмовіліся. Трывожацца за захаванасьць прыватнага капіталу, які меркавалася ўкласьці ў спартыўна-турыстычны комплекс... Магчыма, патрэбны зьмены ў заканадаўстве.
Інвэстыцыйны праект па разьвіцьці інфраструктуры аэрапорту "Віцебск", мабыць, быў адным з найбуйнейшых на Віцебшчыне. Чэская кампанія мела намер ўкласьці ў яго 50 мільёнаў эўра. Да канца 2013 году. Меркавалася пабудаваць ангарный комплекс па абслугоўваньні малой авіяцыі, офісы, гатэль. Таксама гаворка ішла пра адкрыцьцё авіякампаніі, прадпрыемства па запраўцы паветраных судоў, стварэньні лягістычнага цэнтру. Інвэстар нават унёс перадаплату за два летакі L-410. Але да Віцебску, на жаль, летакі не даляцелі.
Паводле слоў намесьніка старшыні камітэту эканомікі Віцебскага аблвыканкаму Канстанціна Чорнага, чэскі інвэстар сёньня як суб'ект гаспадараньня перастаў існаваць. Разваліўся. Заснаваныя ім кампаніі на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі. А Віцебскі аблвыканкам накіраваў ліст у Мінтранс пра неабходнасьць падрыхтоўкі праекту пастановы Саўміну аб спыненьні дзеяньня інвэстдамовы. Калі б патэнцыйныя магчымасьці рэалізацыі праекту вывучылі больш дэталёва, мяркуе Валовіч, 2 гады ня страцілі б марна:
- І гэта не адзіны прыклад, які сьведчыць пра недастатковую прапрацоўку, што папярэднічаюць інвэстыцыям. Яшчэ ў 2012-м адно са сталічных таварыстваў з абмежаванай адказнасьцю хацела пабудаваць у Віцебскай вобласьці 6 аўтазаправачных станцыяў з кафэ і міні-маркет. Калі справа дайшла да выбару месцаў, высьветлілася, што там ужо працуюць АЗС іншых уласьнікаў. Але найвялікшая праблема з інвэстпраектамі, што буксуюць, - гэта неэфэктыўнае выкарыстаньне зямлі. Дрэнна, калі ўчасткі, дзе меркавалі рэалізаваць праекты, прастойваюць гадамі. Дамову ў гэткім выпадку трэба разрываць і падшукваць больш паваротлівых партнэраў.
З "ЭкаРаем" Віцебскі аблвыканкам ужо прыняў рашэньне скасаваць інвэстыцыйную дамову па пагадненьні бакоў. Калі інвэстпраект важны для рэгіёну, мясцовыя ўлады, вядома, перагледзяць тэрміны яго рэалізацыі. Але такіх за апошнія гады, паводле слоў Канстанціна Чорнага, было няшмат:
- Збольшага па лініі інвэстпраектаў у нас будаваліся гандлёвыя цэнтры. З тым, што зямля павінна працаваць больш эфэктыўна, абсалютна згодны. Але з нагоды ацэнкі патэнцыйных магчымасьцяў інвэстара ня ўсё так проста. Мы чужых грошай ня лічым. Дый ня дасьць нам ніхто гэтага рабіць. Прыцягнуць фінансавыя патокі - задача камэрсанта. Калі не атрымалася - значыць, партнэры дамовіцца ня здолелі, крызыс наступіў. Ці мала прычын... Таму прыкладна трэцюю частку заяўленых праектаў так і не ўдаецца рэалізаваць. Інвэстары, у якіх не атрымалася справа, сыходзяць. На іх месца прыходзяць іншыя. Дарэчы, ахвотнікі ўкласьці грошы ў аэрапорт "Віцебск" ёсьць і цяпер.
У КДК Віцебскай вобласьці зьвярнулі ўвагу, што буйныя гандлёвыя аб'екты ў рэгіёне будуюцца як інвэстпраекты. То бок з прадастаўленьнем ільгот. Аднак кантралёры задаюцца слушным пытаньнем:
- А ці патрэбныя прэфэрэнцыі ў гэткім прыбытковым бізнэсе? Участкі пад гандлёвыя цэнтры, найхутчэй, купілі б і з аўкцыёну.
У гэтай тэме ёсьць яшчэ адна цікавая дэталь. У інвэстдамове, дзе прапісаная адказнасьць бакоў, гаворыцца: "У выпадку неналежнага выкананьня забавязаньняў вінаваты выплачвае няўстойку, якая максымальна можа раўняцца 10 адсоткаў ад кошту работ". Каб нехта зь няўдалых інвэстараў яе выплачваў, спэцыялісты, зь якім меў зносіны аўтар гэтых радкоў, ня чулі. Хаця, мабыць, яно і да лепшага. Інвэстыцыйны клімат у краіне такія прэтэнзіі не палепшылі б. Але, з другога боку, слова бізнэсоўца таксама павінна нечага каштаваць...
СБ