Эканамічны суд Віцебскай вобласьці адкрыў конкурсную вытворчасьць у дачыненьні да ААТ "Купцовъ" (г. Глыбокае) па справе аб яго банкруцтве і прызначыў на прадпрыемства антыкрызыснага кіраўніка, паведамілі ў судзе.
Вытворчасьць па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасьці (банкруцтве) кансэрвавага заводу распачатая пры канцы студзеня 2015 гаду з ініцыятывы самога вінавайцы. У мэтах праверкі наяўнасьці падстаў для адкрыцьця конкурснай вытворчасьці і забесьпячэньня захаванасьці маёмасьці вінавайцы судом быў вызначаны ахоўны пэрыяд на 3 месяцы. Па яго выніках пацьверджаная неплацежаздольнасьць прадпрыемства, якая набыла ўстойлівы характар. Папярэдні памер крэдыторскай запазычанасьці заводу ацэньваецца ў суму звыш 50 мільярдаў рублёў, сярод крэдытораў у асноўным падатковая інспэкцыя, банкі і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Эканамічны суд прызначыў антыкрызысным кіраўніком Віктара Пілецкага. Ён мусіць скласьці рэестар крэдытораў і даўгавых забавязаньняў акцыянэрнага таварыства, зрабіць захады па захаванасьці маёмасьці, а таксама падрыхтаваць два варыянты плянаў на будучыню прадпрыемства – яго санацыі або ліквідацыі. Першы сход крэдытораў прызначаны на 7 ліпеня 2015 году.
Завод заснаваны ў 1946 годзе, у сьнежні 2002-га на базе маёмаснага комплексу прадпрыемства створанае ААТ "Глыбоцкі кансэрвавы завод", перайменаванае ў студзені 2011 году ў ААТ "Купцовъ". Ва ўласнасьці дзяржавы знаходзіцца 100% акцыяў статутнага фонду, уладальніцкі нагляд ажыцьцяўляе камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Віцебскага аблвыканкаму. Завод спэцыялізуецца на вытворчасьці зялёнага гарошку, агароднінных і садавінавых кансэрваў. На прадпрыемстве працуе 150 чалавек.
belta.by