Супрацоўнікі ўпраўленьня Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК па Віцебскай вобласьці сумесна з УКДБ па Віцебскай вобласьці і АМАП УУС Віцебскага аблвыканкаму ў ходзе правядзеньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў затрымалі ўдзельнікаў злачыннай групы ў горадзе Полацку, якія займаліся фінансавымі махінацыямі на тэрыторыі Віцебскага і Менскага рэгіёнаў.
Як паведаміла прэс-служба КДК, на працягу некалькіх гадоў ценявыя маклеры, выкарыстоўваючы падкантрольныя ім падстаўныя фірмы, праводзілі незаконныя валютна-абменныя і фінансавыя апэрацыі па атрыманьні наяўных грошай, забясьпечваючы фіктыўнымі дакумэнтамі на тавары кампаніі рэальнага сэктару эканомікі і дапамагаючы ім ухіляцца ад выплаты падаткаў.
Спэктар прадукцыі, на якую зламысьнікі выдавалі падробленыя дакумэнты, аказаўся досыць шырокім: аўтазапчасткі , будматэрыялы, харчовыя прадукты. Гэтую прадукцыю патрабавалася легалізаваць альбо вывесьці зь легальнага абароту. Нелегальны прыбытак злачыннай групы склаў амаль 25 мільярдаў рублёў.
Неабходна адзначыць, што затрыманыя ўсяляк хавалі сваю дзейнасьць: нумары тэлефонаў, як і самі фірмы, былі аформленыя на падстаўных асоб. Падчас затрыманьня ў зламысьнікаў былі канфіскаваныя буйныя сумы грошай і дарагія аўтамабілі. Таксама канфіскаваная ўся аргтэхніка і дакумэнтацыя, якая ў цяперашні час вывучаецца. У дачыненьні да ўдзельнікаў злачыннай групы распачатая крымінальная справа за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць.
Ежедневник