Эканамічны суд Віцебскай вобласьці 3 сакавіка распачаў вытворчасьць па справе аб банкруцтве адкрытага акцыянэрнага таварыства «Пліскі льнозавод», паведамляе партал сыстэмы судоў агульнай юрысдыкцыі Беларусі.
Пліскі льнозавод знаходзіцца ў гарадзкім пасёлку Падсьвільле Глыбоцкага раёну. На ім працуе 108 чалавек. Гэта адно з чатырох буйных прадпрыемстваў у населеным пункце, дзе пражывае 2100 чалавек (ёсьць яшчэ Мэхкалёна, завод харчовых прадуктаў, экспэрымэнтальная база Інстытуту лесу АН Беларусі). Ільнозавод заснаваны ў 1966 годзе. Прадукцыя рэалізоўвалася ў асноўным на «Аршанскі льнокамбінат» і ААТ «Віцебскабллён».
Эканамічны суд вобласьці вызначыў для прадпрыемства ахоўны пэрыяд, які будзе доўжыцца тры месяцы, да 2 чэрвеня 2015 году. Часовым упраўляючым прызначаны Сяргей Зароўкін.
Пагроза ліквідацыі прадпрыемства ўзьнікла яшчэ ўвосень мінулага году. Ільнозавод не спраўляўся з усімі задачамі сваімі сіламі. Яму дапамагалі жыхары Глыбокага і вяскоўцы. Так, у 2014 годзе больш за 64% плошчаў лёну засеялі, апрацавалі і прыбралі сельгаспрадпрыемствы раёну. Арганізацыі таксама дапамагалі заводу запусьціць другую зьмену, фундатары куплялі гаруча-змазачныя матэрыялы. У 2014 годзе ў Пліскага льнозаводу было 4,3 млрд рублёў страт.
З пачатку 2015 году ў Віцебскай вобласьці вытворчасьці па справах наконт банкруцтва ўзбуджаныя ў дачыненьні да трох прадпрыемстваў: ААТ «Купцовъ» (Глыбокае), ААТ «Віцебскі камбінат ядвабных тканін», ААТ «Пліскі льнозавод». На пачатку сакавіка прызнаны банкрутам ААТ «Віцебскі вінаробны завод» (ААТ «ВітВін»), эканамічны суд вобласьці адкрыў у дачыненьні да прадпрыемства конкурснае вытворчасьць.
tut.by