Прадпрыемства «Віцебскэнэрга» прымушае рабочых частку часу працаваць без аплаты працы. Пры прыёме-перадачы зьмены рабочых, якія працуюць на абсталяваньні зь няспынным рэжымам, абавязваюць 20-30 хвілін прымаць зьмену ў асабісты час.
Такія навацыі ўведзеныя з 1 лютага загадам выконваючага абавязкі генэральнага дырэктара Міхаіла Лузіна для асобных катэгорыў работнікаў і ўнесеныя ў іх працоўныя інструкцыі. Пры гэтым в.а. гендырэктара загадвае, што «час прыёму-перадачы зьмены ў працоўны час не ўключаецца», а значыць і не аплачваецца.
Такія дзеяньні наймальніка парушаюць працоўнае заканадаўства Беларусі. Для нядобрасумленных наймальнікаў крызысныя часы – зручны пэрыяд, каб пад шумок павялічыць свой прыбытак. На падставе дрэннага эканамічнага становішча ў краіне, адміністрацыі прадпрыемстваў часам для скарачэньня выдаткаў вымушаюць сваіх работнікаў працаваць больш за тыя ж самыя заробкі, што дазваляе павялічыць прыбыткі за кошт здароўя рабочых.
Рабочыя «Віцебскэнэрга» зьвярнуліся па тлумачэньні да юрыста Свабоднага прафсаюзу, які адзначыў, што абавязкі наймальніка па арганізацыі ўліку працоўнага часу вызначаюцца артыкулам 133 Працоўнага кодэксу Беларусі. У гэтым артыкуле ёсьць вычарпальны сьпіс дзеяньняў працоўнага, якія не ўлічваюцца ў працоўны час. Гэта праезд ад дому да працоўнага месца, пераапрананьне рабочага адзеньня і (калі ёсьць) рэгістрацыя падчас сыходзе дадому. Пры гэтым у працоўны час мусіць залічвацца час выкананьня падрыхтоўчых апэрацыяў.
freeregion.info