У Віцебску ў канцы 1-й вуліцы імя Даватара хуткімі тэмпамі ўзводзіцца новы будынак. Пляцоўка абнесеная плотам, але звыклага ў такіх выпадках «Пашпарта аб’екту будоўлі» на ім няма. Зрэшты, усе навакольныя жыхары ведаюць: тут будуюць рэзыдэнцыю для старшыні аблвыканкаму.
Тэрыторыя рэзыдэнцыі ў так званым «ціхім цэнтры» Віцебску будзе даволі вялікая. Таму пад знос ужо пайшлі парнікі — маёмасьць вэтэрынарнай акадэміі. На чарзе — гістарычны будынак канца 19-га — пачатку 20-га стагодзьдзя, зь якога ўлетку выселілі Музэй прыватных калекцыяў.
Віцебскі Музэй прыватных калекцыяў быў адзіны ў Беларусі. А сёньня да гэтага будынку не падысьці: за стогадовым плотам з чырвонай цэглы будуецца двухпавярховы дом. Былы музэй з усіх бакоў завалены будматэрыяламі, і рабочыя-будаўнікі апавядаюць цікаўным пра пэрспэктывы ягонага зносу.
Самыя цікаўныя — гэта студэнты вэтэрынарнай акадэміі. Яе інтэрнаты зусім побач, і ўсіх цікавіць, што робіцца за плотам, кажа студэнтка Ларыса: «Мы туды хадзілі гуляць, хацелі пафатаграфавацца, а там — будоўля. Няма ніякай шыльды, што гэта будуюць. І дзядзька з сабакам гэтую будоўлю ахоўвае. Прыйшлі ў інтэрнат, распавядаем… А ўсе кажуць: „Чаго вы там поўзаеце? Гэта ж дом губэрнатару будуюць!“ Мы зьдзівіліся: якому губэрнатару? Аказваецца, нашаму Косінцу. Нам стала цікава, мы пайшлі да будаўнікоў, пахіхікалі зь імі, яны і апавялі. Маўляў, сапраўды дом для губэрнатара. Пытаемся: „Чаму такі маленькі?“ Яны кажуць: „Гэта толькі два паверхі над зямлёй, а ўнізе яшчэ адзін, там басэйн будзе“… Ну, мы ўжо ня сталі пытацца, ці пусьцяць нас туды купацца. Напэўна ж, не…»
Ня тое што купацца — студэнтам настойліва раяць нават не глядзець у бок будучай рэзыдэнцыі. А між тым будаўнічая пляцоўка заняла і частку тэрыторыі навучальнай установы, працягвае студэнтка: «Выхавацелі ў інтэрнаце казалі, каб мы туды не хадзілі. Маўляў, там нашых парнікоў больш няма, і няма чаго там рабіць. Там жа былі парнікі вэтакадэміі. Дык вось іх зьнесьлі. І будаўнікі казалі, што той стары дом, дзе музэй быў, там нейкія калекцыі выстаўлялі, ці штось такое — што яго таксама зьнясуць!»
Удакладніць нешта пра пэрспэктывы будаўніцтва — немагчыма. Абавязковы для кожнага будаўнічага аб’екту «пашпарт» — шыльда, дзе пазначаюць назву, плян і будучы зьнешні выгляд будынку — адсутнічае. Гэткая таямнічасьць вакол будучай рэзыдэнцыі і магчымага зносу гістарычнага будынку толькі спараджае лішнія чуткі, лічыць мастачка Сьвятлана Баранкоўская, якая вывучае віцебскую даўніну:
«Выбачайце, гэта ўжо недакладная адукаванасьць нашага кіраўніцтва ў грамадзкіх навуках! Чым больш ты адкрыты, тым больш цябе любяць. А калі кіраўніцтва пачынае хавацца, тут пачынаюцца плёткі. Ну, урэшце, губэрнатар павінен жыць у прыстойных умовах. Раптам да яго нехта прыедзе? Што — павесьці да сябе ў дзевяціпавярховік? Зь іншага боку — будоўля ідзе не за асабістыя грошы, і будуецца не прыватнае жытло… Ну, а раптам наступнаму губэрнатару дом не спадабаецца, дык, можа, і Музэй прыватных калекцыяў пераедзе ў прыстойны будынак!»
Старшыня аблвыканкаму Аляксандар Косінец пакуль што жыве ў звычайным дзевяціпавярховіку. Адно, што там незвычайнага — у пад’езьдзе дзяжурыць міліцыя. Што да Музэю прыватных калекцыяў, то сьпярша ў Віцебску меркавалі, што новая губэрнатарская рэзыдэнцыя будзе менавіта ў ім. Дарэчы, у гэтым будынку некалі жыў кіраўнік пазямельна-сялянскага банку, а пасьля Вялікай Айчыннай вайны — першыя сакратары абкаму КПБ.
Пра імаверны працяг савецкай завядзёнкі мясцовыя жыхары загаварылі, калі мінулым летам адбылося тэрміновае высяленьне Музэю прыватных калекцыяў. Старшыня абласной арганізацыі ТБМ Ёсіф Навумчык адным зь першых паспрабаваў высьветліць прычыны: «Я пытаўся ў супрацоўнікаў, ці ня здарылася ў іх чаго. Казалі, што — нічога не цячэ, не развальваецца, і раптам — «аварыйны стан». Я потым і зь міністрам культуры размаўляў праз тэлефон. Латушка тады сказаў: «Мы, вядома, за Музэй прыватных калекцыяў. Але гэта ня наша маёмасьць, а абласная. І мне сказалі, што будынак у аварыйным стане».
Музэй прыватных калекцыяў праіснаваў 19 гадоў. Яго адчынілі 22 ліпеня 1993 году, у першы дзень «Славянскага базару». А на другі дзень апошняга фэстывалю экспанаты тэрмінова перавозілі ў Віцебскі абласны краязнаўчы музэй, вызваляючы памяшканьне. Наконт рамонту нібыта «аварыйнага» музэйнага будынку пытаньне так і не паўстала. Затое побач узводзіцца новы гмах — рэзыдэнцыя для губэрнатара. І ўсё, што замінае — ідзе пад знос.
Радыё Свабода