Помнік – валун з высечаным на ім крыжам – асьвяцілі архімандрыт Сяргей Гаек, сьвятар грэка-каталіцкай царквы айцец Аляксандар Шаўцоў з Полацку і ксёндз Аляксей Асон з Ушачаў.
На імпрэзе, што адбылася 26 сьнежня, прысутнічалі Валянціна Барадуліна, удава паэта, Валянціна Быкава, родная сястра знакамітага пісьменьніка, літаратары Ўладзімер Някляеў, Сяргей Шапран, Міхась Скобла, жыхары Ўшачаў.
Зрэшты, жыхароў райцэнтру было небагата. Навіна пра адкрыцьцё помніку перадавалася неафіцыйна – з вуснаў у вусны, бо ў мясцовай газэце аніякага паведамленьня пра гэта не было.
Тым ня менш, ініцыятар стварэньня помніку Глеб Лабадзенка адзначыў, што вялікі ўнёсак у гэтую справу зрабілі і мясцовыя ўлады. Яны арганізавалі будаўнічыя работы, а перад імпрэзай падсыпалі жвірам сьцежкі на могілках.
Надмагільны помнік Народнаму паэту Беларусі – гэта валун вагою ў 2,5 тоны, на якім высечаны надпіс «Рыгор Барадулін. Сын. 1935–2014». Побач знаходзіцца магіла маці Рыгора Іванавіча, на ім напісана «Мама Акуліна Андрэеўна Барадуліна».
Гэта была воля Рыгора Барадуліна – каб яго пахавалі побач з маці ў родных Ушачах. І помнік, які ён атрымаўся, дзядзька Рыгор напрарочыў сабе яшчэ пры жыцьці. Пра гэта нагадаў прысутным паэт Уладзімер Някляеў:
«Мы прысутнічаем пры выкананьні апошняй волі дзядзькі Рыгора. У ягоным вершы „Прашэньне“, напісаным яшчэ ў 1995 годзе, ёсьць радкі: „Калі я адыду, пастаўце мне валун сівы і крыж на валуне...“ Гэтая воля выкананая тут, на роднай Ўшацкай зямлі».
Дасьледчык літаратуры Сяргей Шапран дадае, што воля Рыгора Барадуліна – гэта ня проста мэтафара, што ён насамрэч пра гэта прасіў пры жыцьці:
«Я працаваў над кнігай пра Васіля Быкава, і паўсюль нас суправаджаў Рыгор Барадулін. Мы аднойчы былі на старых могілках, дзе стаяць старыя валуны. Мабыць, гэта так уразіла, што за вячэрай Рыгор Іванавіч сказаў:
"Хачу, каб на маёй магіле быў валун. Валун з крыжам. Бо помнікі на могілках – гэта савецкая завядзёнка, і гэта задорага. Таму – няхай будзе валун".
Я некалькі разоў перапытваў пра гэта, і ён паўтарыў гэта пад запіс, на дыктафон. Калі пра верш яшчэ можна спрачацца, мэтафара гэта ці не, то адказ, запісаны на дыктафон – гэта дакладна воля паэта».
Камень для помніку быў знойдзены каля вёскі Кублічы на Ўшаччыне. А ў Кубліцкай школе вучыўся Васіль Быкаў. Шукалі яго мэтанакіравана, а знайшлі выпадкова. Валянціна Ўладзімераўна Быкава, сястра Васіля Быкава, падказала, дзе ёсьць валуны, якія могуць прыдацца.
Жорнавыя камяні, укладзеныя ў падножжа – ідэя скульптара Ігара Засімовіча, аўтара помніку. Яна зьявілася з-за таго, што перад хатай Барадуліна ва Ўшачах – брукаванка, якую ён вельмі любіў. Дарэчы, тую брукаванку так і не залілі асфальтам, калі асфальтавалі ўшацкія вуліцы.
Спачатку хацелі зрабіць брукаванку і на магіле, а потым Ігару Засімовічу прыйшла думка пакласьці жорны. Да ўсяго, дзед Барадуліна, Андрэй Галвіньш, быў млынаром. І ў беларусаў жорны – сымбаль творчасьці, урадлівасьці. І быў звычай ставіць жорны на магілы людзям, якія мелі надзвычайныя здольнасьці, былі чараўнікамі. Рыгор Барадулін быў сапраўдны чараўнік, які валодаў магіяй паэтычнага слова...
16 лістапада валун з крыжам апусьцілі на магілу паэта менскія ратаўнікі з авіяцыі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях пры дапамозе гелікоптэра. Гэта была цэлая апэрацыя, якая вымагала дакладнасьці і акуратнасьці – каб не папсаваць ні дрэваў, ні іншых пахаваньняў на старых ушацкіх могілак. Ратаўнікі тады сказалі, што для іх гонар – спрычыніцца да ўсталяваньня помніку на магілу Рыгора Барадуліна. Рашэньне прымаў асабіста міністар па надзвычайных сытуацыях Уладзімер Вашчанка.
Паводле жыхароў Ушачаў, магіла вялікага паэта мусіць стаць месцам паломніцтва для ўсіх сапраўдных беларусаў. Удава Рыгора Барадуліна, спадарыня Валянціна таксама задаволеная помнікам, які ён атрымаўся, адно шкада – езьдзіць на гэтыя могілкі зь Менску далекавата:
«Сваёй машыны ў нас ніколі не было, мы не былі такія заможныя, ды і Рыгор ня дужа любіў усялякую тэхніку. Цяжка будзе дабірацца, гады мае ўжо немаладыя. А помнік выдатны. Хоць спачатку ён мне ня дужа падабаўся, я нават упарцілася. Але цяпер канчаткова пераканалася: усё добра, усё лягічна зьвязана. Дужа падабаецца, дзякуй скульптару! Рыгор хацеў, каб яго пахавалі ня ў Менску, а пад сваім небам, на роднай зямлі. Дзякуй усім, хто дапамагаў, хто прыйшоў. Дзякуй усім! Як ён хацеў, так і зрабілі».
Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка 2014 году ў Менску.
Радыё Свабода