Культурная імпрэза, прымеркаваная да 250-годзьдзя аўтара знакамітага палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай», распачалася мінулым суботнім вечарам у некалькіх залях арт-прасторы «Талстога-7». Віцебск стаў другім пасьля сталіцы горадам, куды завітаў праект-прысьвячэньне Міхалу Клеафасу Агінскаму «250».
Як сказаў у сваёй прамове, адкрываючы выставу, навуковы супрацоўнік музэю «Віцебскі цэнтар сучаснага мастацтва» Ўладзімер Булаўскі, праект уяўляе сабой гэтакі сынкрэтызм розных формаў сучаснага мастацтва: кіно, фатаграфіі, музыкі, скульптуры і спэцыяльнага сайту.
Мэнэджэру праекту Вользе Мжэльскай спадабалася пляцоўка, дзе адбываецца віцебская выстава: у Менску выстава праходзіла ў інтэр’ерах індустрыяльнага памяшканьня – розьніца кардынальная. Ідэя праекту палягала ў тым, што розныя аўтары мусілі паказаць сваё стаўленьне да жыцьця і творчасьці Міхала Клеафаса Агінскага – палітыка, музыкі, чалавека, які жыў у пэўную гістарычную эпоху.
Прадзюсэр Андрэй Ісачэнка адзначыў, што ў Віцебску зь пяці складнікаў праекту найбольш поўна прадстаўленыя два: фота і скульптура. Ён таксама запрасіў прысутных заходзіць на адмысловы сайт, дзе аўтары разьмясьцілі ўсю інфармацыю, якую ўдалося адшукаць пра знакамітага дзеяча ВКЛ (музыка, мэмуары на розных мовах і інш.). Спадар Ісачанка адзначыў, што ад удзельнікаў праекту патрабаваўся пэўны эмацыйны ўсплёск, выражаны сродкамі мастацтва пры вывучэньні матэрыялаў пра Агінскага. Напрыклад, скульптура – гэта, хутчэй, арт-праект, а ня штосьці канкрэтнае, прывязанае да асобы Агінскага.
Выслухаўшы выступоўцаў, гледачы разышліся па залях у пошуках зваротных эмоцыяў, параскіданых фатографамі па сваіх чорна-белых палотнах.
С. Горкі