Дом у Воршы, дзе жыў Уладзімер Караткевіч, застаўся без гаспадара. Ня выключана, што драўляную забудову могуць зьнесьці, каб пабудаваць на гэтым месцы "шматпавярховік". Як нагадвае радыё "Свабода", менавіта ў гэтым доме пісьменьнік працаваў над першым варыянтам «Дзікага паляваньня караля Стаха», аповесьцю «У сьнягах драмае вясна», пісаў вершы.
Драўляная аднапавярховая хатка на былой вуліцы Касманаўтаў (цяпер вуліца імя Караткевіча) зьявілася ў пасьляваенным 1946 годзе. Грошай на будаўніцтва ў бацькоў пісьменьніка не было, і яны набылі дом у вёсцы і перавезьлі ў Воршу. Да цяперашняга часу дом зьмяніў некалькі гаспадароў, якія старанна захоўвалі памяць пра пісьменьніка-земляка і з задавальненьнем запрашалі ў двор экскурсантаў і гасьцей гораду.
Апошні гаспадар, Юрый Барабаш, які памёр 2 лютага, ня быў простым нашчадкам Караткевічаў. Шмат гадоў таму ён ажаніўся на дзяўчыне, якой апекаваліся бацькі пісьменьніка: падчас вайны Раіса страціла сваякоў, і Караткевічы прынялі яе ў сваю сям'ю.
Уладзімер і Раіса вырасьлі разам, а потым яна засталася жыць у гэтай хаце, якая стала для яе роднай. Сама Раіса Барабаш ужо памерла, а яе муж Юры да апошніх дзён, у вельмі пажылым веку, даглядаў «караткевіцкі» дом.
Цяпер далейшы лёс дому пакуль няясны. Распарадзіцца спадчыннай маёмасьцю маюць права сваякі: у Юрыя Барабаша засталася дачка, якая жыве ва Ўкраіне, а з найбліжэйшых сваякоў Уладзімера Караткевіча - пляменьніца, Алена Сінкевіч. Яна часта прыяжджае ў Воршу на ўрачыстасьці, прысьвечаныя дзядзьку, брату яе маці.
Аднак у Воршы ўжо некалькі гадоў ходзяць упартыя чуткі, што драўляную забудову па вуліцы Караткевіча хочуць зьнесьці, каб пабудаваць на гэтым месцы «шматпавярховік».
Беларускі партызан