У Гарадоцкім раёне блізу вёскі Янова намаганьнямі віцебскага краязнаўцы Сяргея Панкрацьева, які нарадзіўся і вырас у гэтай вёсцы, на перакрыжаваньні старых дарог усталяваны высечаны з валуна вялізны крыж-абаронца. Звычай усталёўваць гэткія крыжы склаўся на Беларусі з прыходам на нашыя землі хрысьціянства.
Даволі часта такія крыжы ставілі на месцы старажытных паганскіх капішчаў, на перакрыжаваньнях шляхоў, ля цэркваў, побач з паселішчамі. Гэтая традыцыя была пашыраная і ў іншых краінах Эўропы: Ангельшчыне, Чэхіі, Польшчы, на Пскоўшчыне, але асаблівае распаўсюджаньне яна атрымала менавіта на беларускіх землях.
Пра гэты крыж краязнаўца Сяргей Панкрацьеў даведаўся гадоў дваццаць таму. Было вядома, што крыж быў закапаны ў палатно дарогі падчас пабудовы моста на вёску Шыкені. Трэба адзначыць, што за савецкім часам такі спосаб зьнішчэньня рэлігійных сымбаляў быў даволі распаўсюджаны: і крыж зьнішчылі, і карысьць нейкая ёсьць. У адну зь вясновых паводак дарогу размыла і крыж выйшаў зь зямлі, як цуд. Трактарам яго выцягнулі на ўзбочыну дарогі, дзе той доўга ляжаў, чакаючы свайго часу.
Дзе стаяў гэты крыж раней, высьветліць не ўдалося. Ніхто зь мясцовых жыхароў-старажылаў так і не сказаў, калі ён быў зьняты са свайго звыклага месца. З пэўнай доляй імавернасьці можна казаць, што было гэта зроблена за савецкім часам, калі вялася зацятая барацьба з рэлігіяй і рэлігійнымі сымбалямі, хаця ніякіх сьведчаньняў і сьведкаў гэтай падзеі не захавалася. Затое побач з крыжам захавалася вялікая камлыга з салярнымі знакамі – гэтак званымі стрэламі Перуна, аналіз помніку гісторыі праводзіў супрацоўнік мясцовага краязнаўчага музэю, у экспазыцыях якога можна азнаёміцца з анатацыяй досьледу.
Перш як усталяваць крыж, трэба было абраць адпаведнае месца, зрабіць пясчаную падсыпку, пастамэнт, а дзеля наданьня ўстойлівасьці сканструяваць пэўнае паглыбленьне – усё гэта было зроблена. З дапамогай тэхнічных сродкаў крыж усталявалі. Месца упарадкоўваецца, наперадзе ўладкаваньне паганскай камлыгі з салярнымі знакамі.
Вядомы віцебскі краязнаўца Міхась Паўлаў, які, дарэчы, таксама паходзіць з Гарадоччыны, патлумачыў, навошта было ўсталёўваць гэты крыж і ў чым ягоная гістарычная каштоўнасьць: «Тут якраз перакрыжаваньне старажытных шляхоў. Адзін зь іх ішоў зь Віцебску на Полацак і быў вядомы ажно з 12 стагодзьдзя. Пра гэты факт я даведаўся з кнігі знанага дасьледчыка віцебскай і смаленскай зямлі Леаніда Аляксеева. Менавіта на такіх перакрыжаваньнях гэткія каменныя крыжы раней і ўсталёўваліся. Гістарычная каштоўнасьць гэтага знаку бясспрэчная. Выкарыстоўвацца ён мог і як абярэг, і ў нейкіх рытуальнах мэтах. А з улікам таго, што побач з крыжам знойдзеная дахрысьціянская камлыга з салярнымі знакамі, можна меркаваць, што недзе побач некалі было паганскае капішча. Карацей кажучы, месца гістарычнае, рытуальнае, знакавае».
Віцебская вясна