22 лютага беларускі музыка Яўген Барышнікаў у невялікім памяшканьні арт-базы Vitebsk4me выконваў пад гітару свае ўласныя творы. Але як гэта зазвычай бывае з прадстаўнікамі беларускага андэграўнднага мастацтва, нягледзячы на шэраг прафэсійных дасягненьняў, імя музыкі вядомае толькі вузкаму колу прафэсіяналаў ды заўзятым прыхільнікам ягонае творчасьці. Відаць таму заля была ледзь запоўненая, але няхай шкадуюць тыя, хто не патрапіў на гэты канцэрт, а паслухаць было што.
Яўген Барышнікаў сольна канцэртуе з 2006 году. Ён – пераможца фэсту "Бардаўская восень 2010" (Бельск, Польшча), ляўрэат фэстываляў аўтарскай песьні Фэст-А 2006 (Менск), OPPA 2009 (Варшава), Купалаўскія вакацыі (2010, Менск).
Сфэра зацікаўленьняў Яўгена не абмяжоўваецца толькі арыгінальнымі сьпевамі пад гітару. Грае ён і на дудзе, і на пэркусіі. Ладзіць таксама майстар-клясы па народных танцах. А яшчэ чытае лекцыі пра беларускую дударскую традыцыю, зьяўляецца сябрам Беларускага дударскага клюбу, Студэнцкага этнаграфічнага Таварыства, Цэнтру этнакасмалёгіі «Kryŭja».
На пачатку канцэрту гучала вядомая песьня «Мая Шчара», якая, відаць па ўсім, – своеасаблівая візытоўка сьпевака. Для яго гэта ня проста рака ягонага дзяцінства, гэта – шлях у жыцьцё, шлях да мора, выхад у сьвет, часткай якога мусіць стаць творца і ягоная творчасьць. Далей гучала «Паморская легенда», «Укля» зь яе пранізьлівай музыкай і словамі:
Ў тумане, дзе ня бачна берагоў,
Зьнікаюць сэнсы, колеры і цені
Зьнічы надзеі, прыцемкі багоў –
Усё мінае ў белым летуценьні.
Ў тумане, дзе няма шляху назад,
Паміж вадой нябеснай і зямною,
Навобмацак, наўсьлеп і наўздагад
Цянюе човен у марах аб спакоі.
Ня менш кранальнымі і драматычнымі былі й іншыя сьпевы: «Зьмей», «Дзяды», «Пагоня». Так, у яго ёсьць свая з «дрыгантамі» «ў салодкім азарце» «Пагоня», са сваёй творча-эмацыйнай трактоўкай:
Вось адзіны выпадак,
калі ў сьпіну біць ня ганьба.
Хто прыйшоў сюды здохнуць –
дапамажы!
Былі й іншыя песьні: флямандзкія, ангельскія – па-беларуску. Быў блюз, але, як сказаў музыка, гэта не ягонае. Яго цікавіць нешта больш глыбокае, драматычнае, утоенае, эмацыйна насычанае. Але няўдзячная гэта справа – імкнуцца перадаць словамі сутнасьць пачутага, гэткую музыку трэба слухаць ужывую.
Музычна адораны ад прыроды, не сапсаваны адукацыяй, ён паўстае перад слухачамі як музыка-экспэрымэнтатар, адкрыты сусьветным музычным здабыткам, акумулюючы якія, нараджае свае непаўторныя і арыгінальныя творы.
У асобе Яўгена, як і ў ягоных сьпевах, праяўляецца ўнутраная цэльнасьць і самадастатковасьць. Ягоныя музычныя творы надзіва закончаныя і выразна маляўнічыя. Так бы мовіць, музычна-слоўная карціна, на фоне якой, або, лепей сказаць, унутры якой адбываецца драматычны эмацыйна-псыхалягічны канфлікт з вонкавымі абставінамі ці сіламі. Таму прыроду можна лічыць галоўным вобразам ягонай паэзіі. Але абагулены вобраз прыроды ў яго дэталёва канкрэтызуецца. Гэта, найперш, – рэкі, мары, паветра, пушчы, берагі, плыні, вада, броды, неба… Найгалоўнейшыя вобразы зьвязаныя з вадой, вільгацьцю, то бок з тым, што цячэ, зьмяняецца, рухаецца. Гэткай жа шпаркай, рухомай паўстае і ягоная паэзія, уплеценая ў надзвычай паліфанічную і таксама рухомую аранжыроўку.
Як сказаў карэспандэнту «Дыялёгу» Яўген, прыход да беларушчыны адбыўся для яго не за адзін дзень. Некалі ў яго была паўнавартасная расейскамоўная праграма, былі канцэрты ў Маскве. Але так сталася: ён проста перастаў сьпяваць па-расейску, з большага забыў тыя песьні, хаця і не наўмысна. Можна, вядома, выступаць у Расеі, але гэта ня будзе ўнёсак у культуру Беларусі. У пэўны момант ён зразумеў, што гэта не ягонае: калі ў Гугл убіць прозвішча «Барышнікаў» па-расейску і па-беларуску – будуць вельмі розныя людзі. Таму было такое рашэньне – рабіць больш тэкстаў на роднай мове.
Што да самабытнасьці Яўгена, то рэч у тым, што на творчае сталеньне спевака ніхто зь беларускіх бардаў заўважна не паўплываў. І наогул ён не згаджаецца, калі яго называюць бардам, некаторыя зь якіх нават палохаліся, чуючы, што нехта называў яго гэткім словам. Так, некалі у двары з сябрамі ён спяваў пад гітару песьні Шалкевіча, Мельнікава. Але барды мала імкнуцца да арганічнага спалучэньня музыкі і словаў, што для яго зьяўляецца першасным. Тое, што ён выконвае, хтосьці называе акустычным рокам. Можна назваць як заўгодна: у ягонае галаве круцяцца аранжыроўкі ад мэталу да электроншчыны – гэта можа быць што заўгодна, можна нават сымфанічны аркестр упіхнуць, а можна мэтал-бэнд утыркнуць.
Сваіх песьняў ён не плянуе. Пішуцца яны спантанна, бяз выбару тэматыкі. Вызначэньне жанру песень лічыць марнай справай. Як пішацца – так і пішацца.
Насамрэч, Беларусь – дзіўная краіна! Тут шмат чаго ня зроблена, і можна ў нейкай плашчыні пісаць цэлыя жанры. Шмат рэчаў, якія ў сьвеце робяцца даўно, у нас яшчэ не распрацаваныя, не засвоеныя, і ніхто ня робіць у гэтых напрамках.
У рэшце рэшт, Яўген спыніўся на тым, што яго можна называць чалавекам з гітарай, а лепш музыкам.
Музыкам, адкрытым сьвету, а не засяроджаным толькі на нейкіх самаробных, вузкіх праблемах і тэмах. Творчасць мусіць аб’ядноўваць, а не разьядноўваць. Музыка ж мусіць мысьліць маштабамі Сусвету, чаго, на жаль, у сучаснай Беларусі няма. Што, акрамя «Тройцы», сёньня можна прэзэнтаваць сьвету?
«Я хачу пісаць якасную музыку, ствараць па-мастацку вартыя творы, а не аднадзённыя, прахадныя рэчы», – кажа беларускі музыка Яўген Барышнікаў.