“Выбухі ў Віцебску паўтараюцца. У 2005-м годзе ў горадзе таксама была бляшанка, у якую было закладзенае выбуховае прыстасаваньне. Але па выніках экспэртызы высьветлілася, што яно было зроблена прамысловым спосабам. Пра гэта казаў адвакат Станіслаў Абразей яшчэ на судзе”, - распавяла Любоў Кавалёва, маці пакаранага сьмерцю нібыта за тэракты ў Менску і Віцебску Ўладзіслава Кавалёва.
Паводле словаў Любові Кавалёвай, за тое, за што раней людзей расстрэльвалі, цяпер прыцягваюць паводле артыкулу “хуліганства”: “Цяпер тое ж самае адбываецца. Афіцыйныя асобы заявілі, што там быў піратэхнічны склад. Нашых хлопцаў расстралялі за падобны склад. Ім іх у віну паставілі як ‘выбуховую прыладу’. А цяперашні выбух кваліфікавалі як ‘хуліганку’”.
Выбух у Віцебску маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва зьвязвае з эканамічнымі праблемамі ў краіне: “Гэта ня першы выбух апошнім часам. Незразумела, каму і навошта гэта трэба. Як той казаў, народ хоча хлеба і відовішчаў. Калі няма хлеба - даем народу відовішча. Усё гэта адбываецца на тле эканамічнага крызісу. я думаю, гэта зьвязана з палітыкай і эканомікай”.
Тым часам Эўрарадыё параўнала выбухі ў Віцебску - раскрытыя раней і зьдзейсьненыя зараз: “‘Выбуховая прылада была зьмешчаная і закамуфляваная ў мэталічнай бляшанцы з-пад напою ёмістасьцю 0,33 л’, - гэта не пра выбух у Віцебску ля будынку КДБ 11 лістапада 2012 году. Гэта з выраку суду па справе наконт выбуху ў Віцебску 14 верасьня 2005 году”.
Прылады, якія выбухнулі ў Віцебску 14 і 22 верасьня 2005 году, былі падобныя па адным парамэтры — закамуфляваныя пад напоі: бляшанка 0,33 літра ў першым і бляшанка з-пад піва 0,5 літра ў другім выпадку. А вось афіцыйная інфармацыя пра выбух 11 лістапада 2012 году з сайту КДБ Беларусі: “Кардонны або плястмасавы тубус, начынены 50-70 грамамі піратэхнічнай сумесі і зьмешчаны ў бляшанку ёмістасьцю 0,25-0,33 літра без паражальных элемэнтаў. У дзеяньне прыведзены агнявым спосабам (праз падпал)”. З нагоды гэтага выбуху распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства). Таксама спачатку кваліфікаваліся выбухі ў 2005 годзе, пазьней перакваліфікаваныя ў тэрарызм.
Прылада ў 2005 годзе была прыведзеная ў дзеяньне з дапамогаю кнотy ці іншай нявыяўленай выканаўчай прылады. Фармулёўка “іншая нявыяўленая выканаўчая прылада” — гэта з канчатковага абвінавачаньня Канавалаву і Кавалёву. Прылада, якая спрацавала ля віцебскага КДБ, адрозьніваецца ад прыладаў 2005 года тым, што ня мела паражальных элемэнтаў.
|
14 верасьня 2005 |
22 верасьня 2005 |
11 лістапада 2012 |
Камуфляж – бляшанка |
0,33 літра |
0,5 літра |
0,25 – 0,33 літра |
Наяўнасьць паражальных элемэнтаў |
Былі — балты, гайкі, шрубы |
Былі — балты, гайкі, шрубы, іншыя мэталёвыя прадметы |
Не было |
Прывядзеньне ў дзеяньне |
Падпал кноту |
З дапамогай кноту ці іншай нявыяўленай выканаўчай прылады |
Праз падпал |
Магутнасьць зараду |
90 грам у трацілавым эквіваленце |
150-200 грам у трацілавым эквіваленце |
50-70 грам піратэхнічнай сумесі |
Пашкоджаньні |
Фізычныя пашкоджаньні дзьвюм асобам |
Маральныя і фізычныя пашкоджаньні 55 асобам |
Пашкоджаныя два вокны будынку |
Кваліфікацыя |
Спачатку як хуліганства, пасьля тэрарызм |
Спачатку як хуліганства, пасьля тэрарызм |
Хуліганства |
Увечары 23 верасьня 2005 году КДБ адрапартаваў, што падазраваныя затрыманыя. Праз тыдзень Лукашэнка сказаў, што “ў Віцебску гэтыя два ахламоны ўзарвалі імітацыйнае прыстасаваньне і думалі, што іх ня знойдуць. Іх хутка вылічылі, знайшлі, і яны ўжо распавялі, дзе бралі порах і як хацелі папужаць людзей у месцах”. Гаворка ішла пра братоў Мурашак, якіх праз паўгода ўтрыманьня ў СІЗА выпусьцілі. А выбух у выніку прыпісалі Канавалаву, затрыманаму амаль праз 6 гадоў.
Паводле Хартыі’ 97, Эўрарадыё, udf.by